Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

У сувязі з гарачым абмеркаваннем у беларускім грамадстве прававой сітуацыі і запазычанасці парафіі святога Сымона і святой Алены, Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі [г.зн. упраўленне касцёла ў Мінскай і Магілёўскай абласцях] апублікавала заяву.

Чырвоны касцёл вінаваты дзяржаве 166 тысяч рублёў падаткаў? Вернікі звяртаюцца да Лукашэнкі

Мінскія ўлады: Так, Чырвоны касцёл вінны дзяржаве 166 тысяч рублёў

Заява Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адносна запазычанасці парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску

Касцёл святога Сымона і святой Алены ў Мінску, вядомы як «Чырвоны касцёл», быў пабудаваны ў 1910 годзе. У 1932 годзе быў зачынены. Спачатку ў ім размясціўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым ён быў пераабсталяваны пад Дом кіно.

У 1990 годзе будынак касцёла быў перададзены католікам у бязвыплатнае карыстанне без перадачы яго ва ўласнасць парафіі, што мы лічым несправядлівым рашэннем, бо ён быў пабудаваны католікамі і павінен ім па праве належаць.

За кошт вернікаў і пры іх непасрэдным удзеле распачалося аднаўленне будынка святыні і парафіяльнага дома:

  • выканана ўнутранае пераабсталяванне касцёла са зносам міжпаверхавых перакрыццяў, унутраных сцен і перагародак і аднаўленнем яго першапачатковага выгляду;
  • здзейснена замена даху касцёла і парафіяльнага дома металадахоўкай;
  • адлітыя і ўсталяваныя на вежах і іншых элементах касцёла 9 бронзавых і 2 жалезныя крыжы;
  • нанава пабудаваныя падвальныя памяшканні з канферэнц-залай, класамі для катэхізацыі дзяцей і бібліятэкай;
  • выканана пакрыццё падлогі залы для набажэнстваў, галерэі, падвальных памяшканняў з граніту і мармуру агульнай плошчай 1000 кв.м;
  • зроблены 5 алтароў з ружовага мармуру;
  • спраектаваны і адліты з бронзы цэнтральныя ўваходныя дзверы;
  • заменены вокны апсіды (трохпавярховай прыбудовы да будынка касцёла);
  • усталяваны ўваходныя бакавыя дзверы ў будынак касцёла;
  • адрэстаўраваны вітражы будынка касцёла, галерэі і галоўнай вежы;
  • двойчы выканана добраўпарадкаванне асфальтавым пакрыццём прылеглай тэрыторыі вакол комплексу будынкаў плошчаю больш за 700 кв.м;
  • узведзена гранітная падпорная сценка па перыметры тэрыторыі комплексу будынкаў, а таксама парадныя сходы з чырвонага граніту да цэнтральнага ўваходу ў будынак касцёла з боку плошчы Незалежнасці;
  • у 1996 г. перад касцёлам была ўсталявана скульптура Арханёла Міхала, а ў 2000 годзе — помнік «Звон Нагасакі».

Чырвоны касцёл адыгрывае вялікую ролю не толькі ў рэлігійным, але і ў культурным жыцці сталіцы Беларусі.

Акрамя набажэнстваў, там праводзяцца разнастайныя культурныя мерапрыемствы, у тым ліку вельмі папулярныя канцэрты духоўнай музыкі.

Згодна з распараджэннем прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 г. комплекс Чырвонага касцёла з рэспубліканскай уласнасці перададзены ў камунальную ўласнасць горада Мінска і ў бязвыплатнае карыстанне рэлігійнай супольнасці «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». Мінгарвыканкам перадаў яго ў гаcпадарчае кіраванне КУП «Мінская спадчына». У цяперашні час комплекс выкарыстоўваецца парафіяй.

За перыяд карыстання ў рэлігійнай супольнасці не было запазычанасцяў за аказанне паслуг забеспячэння электра- і цеплаэнергіяй, вадой, каналізацыяй і за аплату работ па бягучым рамонце і жыццядзейнасці парафіі.

Аднак пасля праведзенай у 2018-2019 гадах рэканструкцыі комплексу Чырвонага касцёла, у першым квартале 2020 года парафія атрымала дакументы, у якіх указана, што, згодна з заключанымі дагаворамі бязвыплатнага карыстання, дадаткова звыш камунальных плацяжоў штомесячная сума выплат рэлігійнай супольнасці на карысць КУП «Мінская спадчына» складае 12 950, 39 рублёў як кампенсаванне за зямельны падатак, амартызацыю і падатак на нерухомасць.

У цяперашні час запазычанасць парафіі перад КУП «Мінская спадчына» па азначаных плацяжах складае больш за 160 тыс. рублёў. Пры гэтым адсутнічае ўсялякая запазычанасць па ўсіх камунальных плацяжах.

Такім чынам атрымліваецца, што рэлігійнай супольнасцю страчана права на атрыманне падатковых ільготаў па выплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у сувязі з тым, што будынкі комплексу Чырвонага касцёла належаць камунальнаму будаўніча-эксплуатацыйнаму прадпрыемству «Мінская спадчына» на праве гаспадарчага кіравання.

Для даведкі:

1. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, зямельныя ўчасткі, дадзеныя рэлігійным арганізацыям пад культавыя будынкі і збудаванні, не абкладаюцца зямельным падаткам, а культавыя збудаванні, якія з’яўляюцца ўласнасцю рэлігійных супольнасцяў або знаходзяцца ў іх валоданні, не абкладаюцца падаткам на нерухомасць (артыкул 239, 228 НК РБ).

2. Пастанова Савета мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь

22 снежня 2012 г. № 1194

Аб зацвярджэннi пералiкаў матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных у дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь, якiя вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, i землi, занятыя якiмi, вызваляюцца ад зямельнага падатку i арэнднай платы за зямельныя ўчасткi, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці

Абодва гэтыя дакументы даюць рэлігійнай супольнасці права па зямельным падатку і падатку на нерухомасць. Аднак парафія страціла права на згаданыя льготы ў сувязі з тым, што комплекс будынкаў касцёла св. Сымона і св. Алены не належыць рэлігійнай супольнасці.

Парафія неаднаразова звярталася да дзяржаўных уладаў з просьбай аднавіць гістарычную справядлівасць і перадаць комплекс Чырвонага касцёла парафіяльнай супольнасці.

Аднак безвынікова. Апошні раз такую просьбу парафія накіравала ў Мінгарвыканкам у маі 2020 года. У адказе ад 18 чэрвеня 2020 г. адзначана, што ў цяперашні час Мінгарвыканкам не бачыць падстаў для перадачы будынка касцёла і парафіяльнага дома ва ўласнасць рэлігійнай супольнасці.

Мы ўдзячныя за фінансавы ўдзел дзяржавы ў рэстаўрацыі комплексу будынкаў Чырвонага касцёла — аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, якая здзяйснялася ўпершыню за ўсю гісторыю існавання названых будынкаў. Аднак варта памятаць, што на працягу амаль 30 гадоў згаданыя будынкі аднаўляліся і падтрымліваліся сіламі рэлігійнай супольнасці. У перыяд рэстаўрацыі комплексу Чырвонага касцёла парафія таксама не засталася ў баку. Тут, перадусім, варта адзначыць набыццё трох дарагіх бронзавых званоў, якія былі ўсталяваныя на вежы касцёла.

У цяперашні час мы не бачым рэальнай магчымасці ажыццяўляць штомесячныя выплаты ў памеры 12 950, 39 рублёў, выстаўленыя КУП «Мінская спадчына». Для парафіі яны непад’ёмныя, а таксама несправядлівыя.

Са сказанага вышэй напрошваецца выснова, што парафія на працягу 75 гадоў (на столькі разлічаны выплаты за амартызацыю) павінна пакрыць выдаткаваныя дзяржавай сродкі на рэстаўрацыю касцёла і парафіяльнага дома, якія належаць дзяржаве.

Атрымліваецца так, што дзяржава, не пытаючыся ў парафіі, як быццам пазычыла ёй і цяпер патрабуе вяртання.

Але пра гэта не было гаворкі перад пачаткам рэстаўрацыі.

У той жа час згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2013 г. «Аб бязвыплатнай перадачы маёмасці» комплекс будынкаў касцёла св. Сымона і св. Алены прыняты з рэспубліканскай уласнасці ва ўласнасць г. Мінска і замацаваны на праве гаспадарчага кіравання за КУП «Мінская спадчына» для правядзення рэстаўрацыйных прац.

Мы заклікаем дзяржаўныя ўлады перагледзець сваё рашэнне, перадаць комплекс будынкаў Чырвонага касцёла парафіі і тым самым аднавіць права карыстання падаткавымі ільготамі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Мы таксама перакананы, што толькі сумеснымі намаганнямі дзяржавы, вернікаў і ўсіх неабыякавых грамадзян будзе захавана гістарычная спадчына, якою з’яўляецца комплекс Чырвонага касцёла, каб сваім выглядам радаваць вока жыхароў і гасцей Мінска, а набажэнствамі, якія здзяйсняюцца ў ім, а таксама духоўнымі і культурнымі мерапрыемствамі выхоўваць чалавека на нязменных духоўных каштоўнасцях!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?