«Бобруйский курьер» атрымаў з гарвыканкама пісьмовае патрабаванне прыбраць з сайта пяць відэаролікаў пра сёлетнюю выбарчую кампанію. У адваротным выпадку у дачыненні партала пагражаюць распачаць адміністрацыйную справу, паведамляе БАЖ.
Дакумент падпісаны начальніцай аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццянай Гарбачовай.
У матэрыялах, выдалення якіх патрабуе Бабруйскі гарвыканкам, утрымліваюцца экспрэс-інтэрв’ю з гараджанамі па пытаннях, датычных выбараў і кандыдатаў у прэзідэнты. Гэтыя матэрыялы аддзел ідэалагічнай працы, відавочна, адносіць да даследаванняў грамадскай думкі, бо абгрунтоўвае загад зняць з сайта сюжэты наступным:
«Правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, датычных грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, магчыма толькі пры атрыманні акрэдытацыі ў Камісіі па апытаннях грамадскага меркавання пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
А за правядзенне такіх апытанняў без гэтай акрэдытацыі заканадаўствам прадугледжаная адказнасць паводле арт. 9.28 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі).





