Сустрэча з Ціханоўскай у парку Дружбы народаў 19 ліпеня, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Сустрэча з Ціханоўскай у парку Дружбы народаў 19 ліпеня, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Пачытаў у фэйсбуку некалькі сварак паміж «новымі/нябітымі» і «старымі/бітымі» актывістамі, піша стваральнік гомельскіх «Моцных навінаў» Пятро Кузняцоў.

Дзе новыя-нябітыя распавядаюць пра тое, як «маргінальная апазіцыя» за 26 гадоў нічога не зрабіла. А яны — «упершыню ў гісторыі» запоўнілі Бангалор, «упершыню ў гісторыі» аб'ядналіся ну і ўсё такое.

Што ж.. Я сам-шматгадовы і паслядоўны крытык «маргінальнай апазіцыі».

Аднак у той жа час я прысвяціў працы ў апазіцыйных арганізацыях 11 гадоў свайго жыцця, з 2004 па 2015, і тым, хто незадаволены «маргінальнай апазіцыяй», якая за 26 гадоў «нічога не зрабіла», хачу сказаць наступнае.

Па-першае, трэба ці перастаць хлусіць (калі гэта ўсвядомленая хлусня), ці вывучыць трохі найноўшую гісторыю. Усё тое, што робіцца цяпер, ужо было і неаднаразова.

І аб'яднанні, і Бангалоры. Усё тое ж самае, толькі іншае асяроддзе — што на самой справе ўпершыню, дык гэта тое, што адбываецца гэта ва ўмовах электаральнай большасці праціўнікаў дзейнай улады (гэта значыць, апазіцыі).

Другое і галоўнае. Кожнаму, хто спрабуе сказаць, што «маргінальная апазіцыя» за 26 гадоў нічога не зрабіла, было б карысна зразумець, што маргінальнай гэтая апазіцыя, якая была вельмі моцнай у 90-я гады, стала за дзесяцігоддзі, таму што гэтай самай большасці, гэта значыць народу, яна была не патрэбная.

Большасць усё задавальняла, большасць не хадзіла на плошчы і пікеты, не станавілася ў чаргу і не запісвалася ў партыі. Большасць займалася сваімі справамі — наладжвала сваё жыццё і побыт так, як умела, для дасягнення максімальнага даступнага камфорту.

Сярожа Ціханоўскі тусіў з Сабчак, Бабарыка зарабляў бабкі ў расійскім банку, Цапкала выдатна сябе адчуваў у камандзе Лукашэнкі, рэстаратар Пракоп'еў абслугоўваў «эліту». Вось толькі Дашкевіч сядзеў у турме.

І толькі таму, што ў большасці ўсё было вельмі нават ок, яна на працягу многіх гадоў жыла па прынцыпе «я ў палітыку не лезу», толькі таму апазіцыйныя партыі і арганізацыі былі вымушаныя існаваць як «рэчы ў сабе» і, адпаведна, загніваць да цяперашняга сумнага стану.

Пажыўшы добранька ў сваё задавальненне, пакуль не прыпякло, потым вылазіць з кустоў і, калупаючыся ў носе, бухцець: «Чаму вы мне за 26 гадоў нічога не зрабілі?» — такая сабе грамадзянская пазіцыя, хачу сказаць.

Я нават не буду пісаць і казаць пра тых, хто за гэтыя гады прынёс сябе ў ахвяру. Быў забіты, сядзеў у турме, ратаваўся ў эміграцыі, пазбавіўся кар'еры, скончыў жыццё самагубствам. Тысячы і тысячы чалавек ахвяравалі сабой дзеля тых, каму было ўсё адно і хто займаўся сваімі справамі — дзеля таго, каб потым гэтыя, каму было ўсё адно, сказалі ім, што яны нічога не зрабілі. Тут лёгка дацца ў эмоцыі, а я хачу пакінуць рацыа.

Трэба правільна разумець сітуацыю, у якой апынулася сёння беларускае грамадства. Трэба прызнаць, што за ўвесь гэты час усе мы паказалі сябе з досыць нядобрага боку, раз дазволілі давесці краіну да такога.

«Бітыя» могуць сварыцца на «нябітых» за тое, што тыя былі ў баку, але ўсё роўна карысна было б спытаць сябе: а што рабілі не так, раз выйшла тое, што выйшла?

«Небітыя» могуць сварыцца ў бок апазіцыі, але пачаць я б раіў з пытання самому сабе: а чаго ты маўчаў усе гэтыя гады? Усё норм было?

Калі ў нас кожны можа выставіць прэтэнзіі кожнаму, магчымыя два сцэнары калектыўных паводзін.

Мы можам бясконца лаяцца і выстаўляць адно аднаму «рахункі» — гэтага хоча і чакае ад нас улада.

Мы таксама можам аб'яднацца не «штабамі», а нацыяй. Адкласці ўзаемныя крыўды і папрокі і знайсці нацыянальны кансэнсус у тым, што гэтая ўлада павінна сысці. І дзейнічаць разам на вынік, таму што па-іншаму выніку не будзе.

А ўжо потым, каму будзе моцна трэба, можна высвятляць адносіны на прынцыпах роўнай канкурэнцыі ў свабодных канкурэнтных выбарах.

Вось другая мадэль — гэта складана, вельмі складана і цяжка. Але гэта наш варыянт і ён адзіны. Іншага нам не дадзена.

Калі здолеем — будзем жыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0