Таксама з’явіліся новыя прадстаўнікі нашай краіны ў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Нідэрландах і Казахстане.

Цэлых дванаццаць гадоў Беларусь і ЗША не былі прадстаўленыя адна ў адной на ўзроўні пасла. Дыпламатычны скандал пачаўся ў 2008: калі ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, то афіцыйны Мінск адрэагаваў скарачэнне штата супрацоўнікаў пасольства ЗША з 35 да 5 чалавек. Амерыканцы нават хацелі закрыць сваю амбасаду. Мінск адклікаў з Вашынгтона пасла Міхаіла Хвастова і настойліва рэкамендаваў пакінуць нашу краіну прадстаўніцы Амерыкі Карэн Сцюарт.

Ад таго моманту ні Беларусь не была прадстаўлена ў Вашынгтоне паслом, ні ЗША — у Мінску.

Алег Краўчанка. Фота з фэйсбука пасольства ЗША ў Мінску.

Алег Краўчанка. Фота з фэйсбука пасольства ЗША ў Мінску.

Новым прадстаўніком Беларусі ў ЗША стаў былы намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Яму 49 гадоў, мінчук. У МЗС ад 1994 года. У перыяд з 2007 па 2014 год працаваў спачатку дарадцам пасольства Беларусі ў ЗША, а пасля часовым павераным.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што апошнім часам Краўчанка выконваў ролю «кантактнай асобы» на перамовах у Еўрасаюзе, а таксама на многіх мерапрыемствах у ЗША. «Для яго гэта знаёмая праца, а калі ўлічыць пазітыўную дынаміку для беларускіх уладаў адносін з ЗША, то працаваць яму там будзе цікава. Зрэшты, ад ролі пасла залежыць не так шмат, яна хутчэй выканаўчая».

Таксама Якаўлеўскі адзначае, што Краўчанка быў адным з куратараў «Мінскага дыялогу». Ці будзе ён працягвацца ўжо без экс-намесніка міністра, аналітык моцна сумняваецца.

Першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка едзе прадстаўніком нашай краіны ў Нідэрланды. Еўдачэнку 62 гады, у структуры МЗС — ад 1990 года. Раней пабыў паслом Беларусі ў Венгрыі і Бельгіі.

«Пра гэтае прызначэнне было вядома даўно, Еўдачэнка — дасведчаны дыпламат, а Нідэрланды — адзін з найважнейшых гадлёвых партнёраў Беларусі», — кажа Якаўлеўскі.

Яшчэ адзін намеснік Макея па МЗС Андрэй Дапкюнас едзе паслом Беларусі ў Аўстрыі. Дапкюнас на працягу амаль трынаццаці гадоў узначальваў прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.

«Важная пасада. Магчыма, менавіта Дапкюнасу давядзецца выбудоўваць дыялог між Беларуссю і Еўрасаюзам пасля 9 жніўня, на ягоную місію будуць ускладацца вялікія надзеі. Ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам у дыпламацкім корпусе. Гэта пазітыўнае прызначэнне», — адзначае спадар Якаўлеўскі.

Паслом Беларусі ў Лондан паедзе былы міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Ён меў рэпутацыю «паўрыначніка», але ў новым урадзе Рамана Галоўчанкі яму месца не знайшлося.

Былы міністр прамысловасці Павел Уцюпін едзе прадстаўніком Беларусі ў Казахстан. Да гэтага прадстаўніцтва там узначальваў таксама экс-міністр, толькі архітэктуры і будаўніцтва — Анатоль Нічкасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?