Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з членамі праўлення Нацбанка заявіў: «Яшчэ раз паўтараю: я чакаю ад Нацыянальнага банка рашучых крокаў па далейшым развіцці фінансавай сістэмы і перш за ўсё па падтрымцы рэальнага сектара эканомікі, умацаванню даверу да нацыянальнай валюты і павышэнні абароненасці насельніцтва. Банкаўская сістэма павінна служыць беларускаму народу». Словы кіраўніка краіны цытуе sb.by

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што банкаўская сістэма — адзін з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі краіны, і асабліва гэта адчуваецца ў перыяд сусветнага крызісу.

Ён нагадаў, што перад новым складам урада была пастаўлена задача не дапусціць падзення эканомікі сёлета.

— Трэба знайсці, выхапіць кожны шанец і любую магчымасць для руху наперад. Ад Нацбанка я таксама чакаю больш актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе. Гэта не летуценні. Мы проста не можам сабе дазволіць каціцца ўніз, бо адтуль будзе вельмі цяжка падымацца. І, наколькі гэта магчыма, мы павінны ўтрымацца пры ўсіх праблемах сёлета — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў апошнія тры месяцы Нацбанк сваімі рашэннямі спрасціў шмат наглядных абмежаванняў.

— І пасля нядаўняй нашай размовы знізіў стаўку рэфінансавання. Рух у гэтым кірунку акуратна, спакойна трэба працягваць. Вы спецыялісты і прафесіяналы, ведаеце, як гэта рабіць не горш за мяне. Калі страцім заводы, прадпрыемствы, калектывы, наступнымі будуць банкі. Бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветнымі тэмпамі. Іншага не дадзена.

Лукашэнка ўдакладніў, што прасіў задаць ўстойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі.

— Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю. Але літаральна на працягу некалькіх дзён адбудзецца размова з урадам. Паглядзім, як яны гэтым займаюцца. Як можна так займацца, кантраляваць цэнаўтварэнне, а ў той жа час цэны на некаторыя тавары (ужо ў СМІ праслізгвае) падняліся амаль у два разы — дадаў ён.

Лукашэнка прызначыў сёння новых кіраўнікоў у праўленне Нацыянальнага банка, перадае БЕЛТА.

Вакансію намесніка старшыні праўлення заняла начальнік Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый, член праўлення Ілона Лядніцкая.

На другі тэрмін паўнамоцтваў члена праўлення прызначаная начальнік Галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Алена Машніна. Членамі праўлення Нацыянальнага банка таксама сталі начальнік Галоўнага праўлення аперацый на фінансавых рынках Дзяніс Гарагляд і начальнік Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0