Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў запатрабаваў ад прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага «пацьвердзіць выбачэньні» за ролік, апублікаваны ў 2014 годзе ва ўкраінскім гумарыстычным шоў «Квартал 95», якім тады кіраваў Зяленскі, піша радыё «Свабода».

Заклік апублікаваны ў акаўнтах кіраўніка Чачэніі ў сацсетках. Кадыраў адзначае, што раней Зяленскі, «прызнаўшы сваю віну, меў гонар папрасіць прабачэньня», аднак, атрымаўшы паўнамоцтвы прэзыдэнта Украіны, пачаў «спрабаваць паказаць зь сябе нешта, выкручвацца, віляць, спрабаваць узвысіць сябе» і «кожны раз прыдумляць новыя вэрсіі выбачэньняў».

Кадыраў спаслаўся на інтэрв'ю Зяленскага ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону, апублікаванае яшчэ ў канцы 2018 года. Чаму кіраўнік Чачэніі менавіта цяпер загаварыў пра яго, незразумела.

Кадыраў піша, што, калі Зяленскі не пацьвердзіць свае выбачэньні, яму «давядзецца адказаць» перад ім «ня як перад кіраўніком рэспублікі, а як перад сынам першага прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі, Героя Расеі Ахмата-Хаджы Кадырава». Кадыраў таксама заклікаў Зяленскага «выбудаваць добрасуседзкія адносіны» з Расеяй.

Ролік, які Кадыраў палічыў абразьлівым, быў апублікаваны ў адным зь відэа «Квартала 95» яшчэ ў 2014 годзе. У ім на кадры кіраўніка Чачэніі, які плача, наклалі аўдыёзапіс скаргаў пажылога ўкраінца на знос помніка Леніну.

Зяленскі пасьля публікацыі роліка папрасіў прабачэньня «перад мусульманскім сьветам». У інтэрвію Гардону, пра які піша Кадыраў, прэзыдэнт Украіны сказаў, што ня меў дачыненьня да вытворчасьці роліка, але вырашыў папрасіць прабачэньня за яго аўтараў пасьля таго, як яму «патэлефанавалі» і сказалі, што ролік можа быць крыўдным для «мусульманскага сьвету». Апанэнты прэзыдэнта Ўкраіны ў час перадвыбарчай кампаніі нагадвалі пра эпізод з выбачэньнямі, крытыкуючы за іх Зяленскага.

Новыя патрабаваньні кіраўніка Чачэніі прэзыдэнт Украіны пакуль не камэнтаваў.

Жыхары Чачэніі, якія крытыкавалі ўлады рэспублікі, нярэдка публічна просяць прабачэньня перад Рамзанам Кадравым, іх паказваюць у эфіры рэспубліканскага тэлебачаньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?