Былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых затрымалі ў Гомлі за паўгадзіны да сустрэчы выбарцаў па агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».
У Гомлі на 18 ліпеня анансавалі сустрэчу выбарцаў па агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Такія сустрэчы дазваляе артыкул 45 Выбарчага кодэксу. Агітацыя плянавалася на 12.00, але прыкладна ў 11.30 заяўніка сустрэчы Ўладзімера Няпомняшчых затрымала міліцыя.
Няпомняшчых быў адзіным зарэгістраваным прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзыдэнта з трох дзясяткаў «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча. Ён не зьбіраўся падаваць подпісы і выкарыстоўваў пікеты для інфармаваньня грамадзтва.
«Мяркую, гэта зроблена, каб сарваць сёньняшняе мерапрыемства», — зазначыў праваабаронца Васіль Палякоў.
Абвестка пра сустрэчу выбарцаў была разьмешчана на афіцыйным сайце адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомля.
Зранку каля Цэнтру інклюзіўнай культуры, дзе плянавалася сустрэча, дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. У прылеглым двары на вуліцы Юбілейнай стаіць чырвоны мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП.
Нягледзячы на затрыманьне, сустрэча распачалася і праходзіць у фармаце «свабодны мікрафон». Яе праводзіць праваабаронца Васіль Палякоў. У залі прысутнічае каля 50 чалавек.





