Затрыманы ў Брэсце 14 ліпеня пасля акцыі салідарнасці акцёр мясцовага тэатра драмы Дзяніс Сарока атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Але ў ІЧУ ён прабыў нядоўга: з ізалятара акцёра павезлі ў бальніцу. Напярэдадні Сарока распавёў Tut.by, што ў РАУС супраць яго ўжывалі фізічную сілу за тое, што ён спрабаваў здымаць на тэлефон.
Дзяніс Сарока падчас затрымання 14 ліпеня. Фота: Станіслаў Коршунаў, Tut.by
Дзяніса Сароку затрымалі 14 ліпеня, 16-га — прывезлі ў суд. Дзяніс папрасіў перанесці пасяджэнне, каб ён мог заключыць дамову з адвакатам.
— Пасля затрымання я патрабаваў, каб мне далі адваката. Мне адмовілі. Мала таго, забаранілі нават зрабіць хоць бы адзін званок. Матывавалі гэта тым, што «ў нас не Амерыка», — казаў у судзе Дзяніс.
Пасяджэнне перанеслі на 17 ліпеня. На свабодзе Дзяніс распавёў карэспандэнту, што пасля затрымання да яго ўжылі фізічную сілу за тое, што ён спрабаваў здымаць у райаддзеле відэа на тэлефон.
Потым быў першы суд, пошукі адваката і спроба напісаць заяву ў пракуратуру. Там яе прымаць адмовіліся.
Пасля сведчання міліцыянера, што Сарока актыўна ўдзельнічаў у акцыі, суддзя прыняў рашэнне пакараць яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту — і акцёра адразу павезлі ў ІЧУ.
Зараз Дзяніс Сарока знаходзіцца ў шпіталі: у ІЧУ яму зноў стала дрэнна.





