У сацыяльных сетках разляцелася гісторыя пра дырэктара Палачанскай школы, які пайшоў супраць сістэмы.
Пішуць, што па ўсіх школах Маладзечанскага раёна разаслалі разнарадку — забяспечыць яўку персанала на датэрміновыя выбары. Маўляў, дырэктары раздадуць бюлетэні і правераць, каб птушачка стаяла насупраць патрэбнага прозвішча. Ва ўсіх школах так і плануюць рабіць, апроч Палачанскай, дзе дырэктар нібыта прылюдна разарваў загад і сказаў, што людзі будуць галасаваць так, як палічаць патрэбным.
Гісторыя набрала ўжо амаль 300 перапостаў і дзясяткі захапляльных каментароў.
«Наша Ніва» звязалася з дырэктарам Палачанскай школы Паўлам Закружным. Ён абвяргае гісторыю.
Павел Закружны. Фота з сацсетак
«Яна не адпавядае рэчаіснасці. Мне людзі пераслалі допіс, але я не ведаю, што гэта за чалавек, які яго напісаў. Такога не было, ніхто нікога не збіраў. Тым больш у нашай установе адукацыі выбарчага ўчастку няма. Гэта няпраўда», — пракаментаў Павел Закружны.





