Вядома, трохматчавая серыя без перамог не магла не паўплываць на турнірнае становішча БАТЭ. Бляклая нічыя ў гульні са «Славіяй» дазволіла «Шахцёру» ў першы раз за сезон стаць лідарам табліцы.
БАТЭ мог бы аказацца наогул чацвёртым, але «Віцебск» дома не даў сябе абгуляць «Нёману», перарваўшы таму зайздросную серыю з сямі перамог. А «Энергетык-БДУ» без Яхшыбоева і Твэ быў проста размазаны «Рухам» з лікам 1:8.
Фота: ФК «Славія».
Пакуль не зусім ясна, як барысаўскі клуб збіраецца выпраўляць сітуацыю. Кірыл Альшэўскі кажа, што на добрыя трансферы ў клуба няма сродкаў. Да таго ж еўракубкавыя перспектывы сёлета даволі туманныя, каб гарантаваць істотнае папаўненне бюджэту.
Таму БАТЭ капае неглыбока. Падпісаны кантракт з маладым паўабаронцам «Віцебска» Сяргеем Волкавым, які з наступнага сезона будзе гуляць за новы клуб. Таксама барысаўцы працуюць над трансферамі Аляксея Наско і Шахбоза Умарава з «Энергетыка-БДУ».
Калі вяртацца да матчаў мінулага тура, то варта адзначыць некалькі праколаў у нашых прагнозах.
Мы недаацанілі запал новых «Смалявічаў» — каманда выйграла сваю першую гульню ў «Іслачы» з лікам 3:1, а дублем адзначыўся Уладзіслаў Ложкін.
Паглядзіце, як былы дублёр мінскага «Дынама» паздзекаваўся з абароны «ваўкоў»:
Таксама малапрадказальнай аказалася другая перамога «Белшыны» ў чэмпіянаце. Жодзінскае «Тарпеда» забіла першым, але ў выніку прайграла, дазволіўшы бабруйцам наблізіцца да мяжы зоны вылету.
Вось усе вынікі матчаў мінулага тура:
- «Смалявічы» — «Іслач» 3:1 (21, 35, Ложкін; 78, Джыгера — 90+1, Макась)
- «Белшына» — «Тарпеда-БелАЗ» 2:1 (10, Ковель; 50, Глябко (п) — 7, Капленка)
- БАТЭ — «Славія» 1:1 (73, Бараноўскі (аг) — 76, Чухлей (п))
- «Шахцёр» — «Гарадзея» 4:1 (7, Анціч; 38, А. Архіпаў; 40, Іванавіч; 82, Яхшыбоеў — 50, С. Архіпаў)
- «Энергетык-БДУ» — «Рух» 1:8 (83, Мухамедаў — 13, 65, 77, Канцавы; 31, Грачыха; 40, Рахманаў; 43, Шаўчэнка; 62, Мігуноў; 86, Нікіфарэнка)
- «Дынама-Мінск» — «Мінск» 1:0 (26, Бахар)
- «Віцебск» — «Нёман» 0:0
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
А цяпер пераходзім да матчаў 18 тура.
«Слуцк» — «Іслач»
- 17.07, 18:00. Слуцк, стадыён «Гарадскі».
- Каэфіцыенты: «Слуцк» (перамога) — 3.46; нічыя — 3.60; «Іслач» (перамога) — 2.21.
У «Слуцка» і «Іслачы» цікавая гісторыя супрацьстаяння ў вышэйшай лізе: каманды ніяк не могуць выйграць адна ў адной дома.
Дзевяціматчавая серыя без перамог у случчакоў і ганебная параза ў Смалявічах у «Іслачы», за якую вельмі хочацца рэабілітавацца, — фактары, якія кажуць на карысць таго, што тэндэнцыя гасцявых перамог можа працягнуцца.
Прагноз «НН»: перамога «Іслачы».
«Гарадзея» — «Белшына»
- 17.07, 20:00. Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 2.76; нічыя — 3.60; «Белшына» (перамога) — 2.64.
У «Гарадзеі» — усяго адна перамога ў апошніх дванаццаці турах, і зона вылету ўсё бліжэй. На падмогу «цукровым» падпісаны найлепшы бамбардзір першай лігі Ян Сянкевіч з «Ліды».
Пасля перамогі над жодзінцамі шанцы «Белшыны» на выратаванне сталі выглядаць не такімі мізэрнымі. Нават эксперты ў гульні з «Гарадзеяй» крыху больш вераць якраз у бабруйцаў. «Шыннікам» засталося толькі апраўдаць гэты давер і зрабіць другую палову чэмпіянату яшчэ больш інтрыгуючай.
Прагноз «НН»: нічыя.
«Віцебск» — «Смалявічы»
- 18.07, 16:30. ЦСК ФК «Віцебск».
- Каэфіцыенты: «Віцебск» (перамога) — 1.56; нічыя — 4.15; «Смалявічы» (перамога) — 7.15.
Пра ролю «гразы аўтарытэтаў» віцебскай каманды мы распавядалі ў папярэднім анонсе. І гэта роля зноў пацвердзілася ў гульні з «Нёманам».
Цяпер на поўнач Беларусі адпраўляюцца «Смалявічы», якія, здаецца, стануць падобныя да «Энергетыка-БДУ» ўзору мінулага года: шмат забітых і прапушчаных мячоў, але нясумна.
Новыя «Смалявічы» святкуюць феерычную перамогу над «Іслаччу». Фота: ФК «Смалявічы».
Ці раскусіць гэты цвёрды арэшак каманда Ясінскага?
Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.
«Рух» — БАТЭ
- 18.07, 20:30. ДАСК «Брэсцкі».
- Каэфіцыенты: «Рух» (перамога) — 4.55; нічыя — 3.90; БАТЭ (перамога) — 1.84.
Брэсцкая каманда дэманструе выдатную хаду: 10 здабытых балаў у апошніх чатырох матчах і 13 забітых мячоў. Такому маглі б пазайздросціць каманды-лідары, але пра праблемы БАТЭ напісана вышэй.
«Рух» узмацніўся чарговым гульцом брэсцкага «Дынама» — Усевалад Садоўскі мусіць узмацніць атакуючую лінію сваёй новай каманды. Не выключана, што ён згуляе ўжо ў найбліжэйшай гульні.
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Мінск» — «Энергетык-БДУ»
- 19.07, 16:45. Мінск, стадыён «Трактар».
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 3.38; нічыя — 3.65; «Энергетык» (перамога) — 2.23.
Шасціматчавая серыя «Мінска» без перамог не дае «гараджанам» падняцца вышэй за 14 месца. На пяты наступаюць «Смалявічы», таму трэба нарэшце брацца за выпраўленне становішча.
Складана ўявіць, што з сябе будзе ўяўляць далей «Энергетык» без сваіх лідараў. А яшчэ калі і Умарава з Наско забяруць. Але не забываем, што «студэнтаў» трэніруе Анатоль Юрэвіч — такі сівавалосы Дамблдар беларускага футбола, які абавязкова мусіць нешта прыдумаць. Пра медальныя амбіцыі, хутчэй за ўсё, трэба забыць, але крыві «студэнты» яшчэ пап'юць.
Прагноз «НН»: перамога «Энергетыка».
«Нёман» — «Шахцёр»
- 19.07, 18:45. Гродна, ЦСК «Нёман».
- Каэфіцыенты: «Нёман» (перамога) — 4.05; нічыя — 3.55; «Шахцёр» (перамога) — 2.03.
Сёння «Нёман» адстае ад салігорцаў на тры балы, але ў гарадзенцаў яшчэ ёсць у запасе гульня з «Мінскам». Таму па страчаных балах «жоўта-зялёныя» і «жоўта-чорныя» нараўне перад вочным двубоем.
Менавіта па такіх матчах можна будзе меркаваць пра амбіцыі «Нёмана», які стаў цёмнай кабылкай гэтага сезона.
У першым коле гульня гарадзенцаў і салігорцаў скончылася нулявой нічыёй, але старт у абедзвюх каманд тады не выдаўся. Што пакажа гульня другога кола?
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Мінск»
- 19.07, 20:45. Жодзіна, стадыён «Тарпеда».
- Каэфіцыенты: «Тарпеда» (перамога) — 3.70; нічыя — 3.60; «Дынама» (перамога) — 2.12.
Пасля разгрому ад «Шахцёра» жодзінцы прайгралі і найгоршай камандзе чэмпіянату. Паразу ў Бабруйску Юрый Пунтус назваў «чорным днём», за які хочацца выбачыцца перад усімі.
У Леаніда Ковеля 5 забітых мячоў у сезоне, адзін з якіх дапамог перамагчы ў «Тарпеда-БелАЗ». Фота: ФК «Белшына».
Праз высокую шчыльнасць у сярэдзіне табліцы няўдачы «Тарпеда» адкінулі клуб на сёмы радок. На шостым з такой жа колькасцю балаў — мінскае «Дынама», якое паступова рухаецца ўгару.
Вясной мінчукі былі мацнейшымі за жодзінцаў. Што будзе на гэты раз?
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
Гульня «Славія» — «Дынама-Брэст» перанесеная.
У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!





