Супрацоўнік АМАПа Андрэй Бекіш стаў вядомы на ўсю краіну пасля таго, як з вялікім імпэтам збіваў мірных пратэстоўцаў. Аказалася, што хлопец нарадзіўся ў Маладзечне, скончыў у 2012 годзе 12-ю школу і Маладзечанскі політэхнічны каледж, служыў у войску, пасля чаго быў прыняты ў АМАП. Але «слава» напаткала яго толькі ў аўторак, калі ён біў пратэстоўцаў з асаблівым стараннем. Як пасля аказалася, «слава» напаткала не толькі яго. 

Амапавец Андрэй Бекіш быў не у форме, у цывільным

Амапавец Андрэй Бекіш быў не у форме, у цывільным

У тым жа 2012 годзе дзявяты клас у той жа 12-й школе сканчваў Андрэй Юрэвіч. Хлопец жыве і працуе ў Маладзечне, а ў сераду прачнуўся ад нечаканай папулярнасці: яму асабістыя паведамленні ў сацыяльных сетках сталі пісаць знаёмыя і незнаёмыя людзі з пытаннямі пра тое, што ж ён вырабляе. 

«Спачатку адказваў, тлумачыў, а пасля проста выдаляў паведамленні. Мне пішуць таму, што мы знешне з ім падобныя», — расказвае Андрэй. 

Злева — Андрэй Бекіш, справа — Андрэй Юрэвіч

«Я ніколі б не апусціўся да такога. І ў школе ніколі з ім нават не гутарыў, так, ведаў у твар, але цяпер вельмі хочацца паглядзець у вочы. Праз гэтага … [нядобрага чалавека — НН] я павінен цяпер апраўдвацца», — дадае Андрэй. 

Аднакласніца пра амапаўца, які збіваў людзей: «Ён мог падысці і проста ўдарыць»

Былыя аднакласнікі Андрэя Бекіша прызнаюцца, што цяпер сувязі з ім не падтрымліваюць, ён з’ехаў у Мінск, у Маладзечне бывае зрэдку, на вуліцы павітаюцца і разыходзяцца. Але ўспаміны пра былога аднакласніка ў некаторых вельмі яскравыя.

Настасся: «Ён быў дзіўным. Служыць у АМАП ён марыў з дзяцінства. Заўсёды пра гэта гаварыў. Ён наогул ціхі быў, але бывала, што ў яго здараліся нейкія заскокі. Памятаю, як на ўроку фізкультуры я збірала мячыкі пасля ўрока, а ён падышоў да мяне і проста ўдарыў пад дых. У мяне аж у вачах пацямнела». 

Арцём: «У школе ён быў нармальным хлопцам, бяскрыўдным, мы з ім сябравалі. Наадварот, імкнуўся пазбягаць нейкіх канфліктных сітуацый. Магчыма, яго ў АМАПе навучылі гэтай жорсткасці. Я не ведаю, як ставіцца да гэтай сітуацыі, крыўдна за былога сябра. Але я вельмі яго хачу пабачыць і распытацца пра ўсё. Павінен жа я ведаць, ці падаваць яму руку».

Ганна: «Які жах, якая ганьба, якім жа трэба быць баязліўцам, каб такое рабіць… Я думала, што ён лепшы. Хаця, калі я яго бачыла апошні раз, калі гутарылі, заўважыла, што ён так уладу абараняў. Я нешта сказала пра Лукашэнку, а ён нібы спужаўся. Перапыніў мяне і сказаў: «Цішэй, нельга пра гэта ўслых». Я думаю, што ён пасля войска і стаў такім. У сям’і яго гэтаму не вучылі. Не былі мы з ім блізкімі сябрамі. І не будзем ужо ніколі: такое не даруецца». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?