Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць праверку наконт «супрацьпраўнай дзейнасці» Валерыя Цапкалы. Заяву напісаў турэцкі бізнэсмен Седат Ігдзеджы, які калісьці шчыльна супрацоўнічаў з Цапкалам. Менавіта Ігдзеджы займаўся будаўніцтвам катэджа Цапкалы.

А калі Цапкала пайшоў у прэзідэнты, вываліў на яго «кампрамат».

«НН» задала Седату Ігдзеджы некалькі пытанняў.

Чытайце таксама. Канюк — Караеву: Праверыць супрацьпраўную дзейнасць Цапкалы

«НН»: Чаму менавіта цяпер вы вырашылі ўзняць гэтую старонку вашых адносін з Цапкалам?

Седат Ігдзеджы: Адносіны з Валерыем Цапкала — гэта мая асабістая справа, якая не мае ніякага дачынення да палітыкі. Проста я хачу вярнуць свае грошы. Усе мае словы, што ёсць у заяве, пацверджаны дакументальна.

Замест маёй падзякі ў памеры 1 мільёна даляраў Цапкала не заплаціў мне ні капейкі за будаўніцтва дома ў Мінску, не даў абяцаных праектаў на 700 мільёнаў даляраў. Толькі падманваў мяне. Праз яго я і мая група кампаній згубілі каля 15 мільёнаў даляраў.

Я будаваў дом на 418 метраў, але не атрымаў за гэта ні капейкі.

У мінулым годзе я судзіўся з Цапкалам і ягонымі людзьмі. Я чытаю, што ўжо пішуць: Лукашэнка замовіў гэта ў Седата. Я люблю Лукашэнку, але я не знаёмы з ім асабіста, чаму Лукашэнка будзе ў мяне нешта замаўляць?

«НН»: А можа, КДБ?

СІ: Не званілі з КДБ. Ніхто не званіў.

Гэта выключна эканамічная справа. У жніўні 2019 года я з ім судзіўся.

«НН»: Чым скончыўся суд?

СІ: Калі б вы судзіліся ў Турцыі са мной, я скажу вам на 100%, што вы страцілі. Якія б шанцы ў вас былі, калі б мы з вамі судзіліся ў Стамбуле? Ніякіх. Так і ў мяне. А гэта не абы-хто: Парк высокіх тэхналогій, памочнік прэзідэнта, былы пасол у ЗША, фотка з Клінтанам ёсць… А хто такі Седат Ігдзеджы? Ну 100 мільёнаў уклаў у беларускую эканоміку, але ж гэта не Валерый Цапкала.

Пачытайце tut.by, што сказаў пра мяне Цапкала: «незразумелы турак». Прабачце, я скажу пра яго «шакал». Гэты «шакал» казаў пра мяне «незразумелы турак».

Мая асманская сям’я мае 850-гадовую гісторыю. Сёння я галава гэтай сям’і! З 2013 года я грамадзянін Беларусі. Хто такі я — зразумела, хто такі Валерый Цапкала — не.

Я не хацеў, каб стала вядома, што Цапкала атрымліваў з бардэля дзяўчынак, я не хацеў гэтага. Але ягоныя людзі шантажавалі мяне.

«НН»: Як?

СІ: Праз інстаграм шантажавалі. Пісалі, што калі я хоць раз скажу нешта пра Валерыя Цапкалу кепскае, то і мне, і дзецям будзе кепска. Я пайшоў у міліцыю.

«НН»: Вы хочаце вярнуць сабе гэты дом?

СІ: Канечне. Я не згодны на грошы, я хачу дом.

«НН»: Падзяка ў памеры 1 мільёна даляраў Цапкалу — гэта хабар?

СІ: Гэта ўсё хабар. Так, хабар.

«НН»: Вы наўпрост кажаце, што давалі хабар?

СІ: Так.

«НН»: І не баіцеся за свой імідж, рэнамэ?

СІ: Чаму мне баяцца? Я даў заяву афіцыйную. Такая была рэальнасць, ён мяне падмануў. У мяне шмат сведкаў. Мне няма чаго баяцца, я мужчына.

«НН»: Вы будзеце задаволеныя, калі Цапкалу пасадзяць у турму?

СІ: Турма-шурма, мяне гэта не цікавяць. Я хачу, каб ён сышоў з прэзідэнцкай кампаніі і з’ехаў з краіны. Мне гэтага хопіць. Калі гэта здарыцца, то я зарэжу 10 баранаў і раздам людзям, будзе свята.

«НН»: Вы сапраўды замаўлялі прастытутак для Цапкалы?

СІ: Маіх людзей ён пра гэта прасіў, мае людзі зрабілі. Усе дакументы ёсць, я нікога не падманваю. Я не хацеў пра гэта расказваць, каб мне не пагражалі. Прастытуткі — гэта таксама хабар. Калі ён будзе далей пагражаць маёй сям’і, то мы і касеты пакажам.

«НН»: У вас ёсць касеты?

СІ: У мяне ёсць усе дакументы, што пацвярджаюць кожнае маё слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?