Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Старшыня партыі БСДГ Сяргей Чэрачэнь падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Ён заявіў, што варыянт зняцца з выбараў разгледзеў бы толькі тады, калі б гэта «да чаго-небудзь прывяло», піша Tut.by.

Сяргей Чэрачэнь не змог ацаніць свае шанцы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Паводле яго слоў, на пачатак кампаніі шанец быў зусім мізэрны, але тое, наколькі сёння людзі гатовыя выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, моцна змяніла сітуацыю ў параўнанні з тым, што было тры месяцы таму. На думку Чэрачня, пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ўсе зарэгістраваныя альтэрнатыўныя кандыдаты павінны сесці за стол перамоваў.

— Калі мы разам — у нас ёсць шанец. Калі не… цяпер увесь працэс уяўляе сабой «Галодныя гульні»: Той, хто выбывае, губляе практычна ўсё, калі не сказаць больш. І калі не будзе кансалідацыі дэмакратычных сіл, то чакаць выніку на гэтай палітычнай кампаніі не варта, — заявіў Сяргей Чэрачэнь.

Ён сказаў, што не чакаў гэтакіх жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да прэтэндэнтаў у прэзідэнты. У сваім штабе ён не раз абмяркоўваў гэтую сітуацыю ў разрэзе магчымых рэпрэсій супраць сваёй каманды. На пытанне, ці разглядаў ён варыянт зняцца з выбараў, Чэрачэнь адзначыў, што абгаворваў гэта са сваімі прыхільнікамі.

— Мы ўсе выдатна разумеем, мы сабралі ў каманду людзей, якім ёсць што губляць. Кожны з нашай каманды — чалавек, які сябе рэалізаваў, і з улікам тых рэпрэсій, якія праводзяцца ў дачыненні да дэмакратычных кандыдатаў, я разумею, што яны могуць закрануць і нас. І я кожнаму з каманды казаў: хлопцы, кожны для сябе павінен вырашыць, наколькі ён гатовы рухацца далей. Калі хтосьці пойдзе назад, ніякіх прэтэнзій не будзе, — сказаў Чэрачэнь.

— Але гэта ваш штаб, а вы асабіста разглядалі варыянт зняцца з выбараў пасля арышту Віктара Бабарыкі?

— Я занадта доўга ішоў да гэтай кампаніі, я занадта шмат выдаткаваў часу, сіл і пэўных рэсурсаў, каб на сённяшні момант зняцца. Калі б гэта было неабходна і калі б мы разумелі, што гэта да чаго-небудзь прывяло б, вядома, я б зняўся. Але пакуль канцэпцыя — мы павінны яшчэ пазмагацца, каб не падвесці тых людзей, якія цяпер з намі, — сказаў прэтэндэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?