У ноч на 27 чэрвеня памёр Сяргей Кузняцоў, майстар спорту Рэспублікі Беларусь па паўэрліфтынгу, рэкардсмен краіны ў жыме лежачы, суддзя I катэгорыі. У маі яму споўнілася 39 гадоў, піша «Брэсцкая газета».

«Добрага чалавека павінна быць шмат. І яго было шмат — так шмат, што хапала на ўсё — і 250 кг паціснуць, і сям'ю пацягнуць, і з сябрамі прысесці. У гэтым няма каламбура. У паўэрліфтынгу (а менавіта там і ціснуць, і цягнуць, і прысядаюць) Сяргей быў канкурэнтаздольны ва ўсім — у экіпіроўцы і класіцы, у трохбор'і і асобных рухах. Ён падымаў так шмат і так магутна, што за ім замацавалася званне «Брэсцкага зубра». І чым мацнейшы ён быў, тым больш нечаканы быў яго сыход. З тэлевізара кажуць, што каранавірус —гэта хвароба старых, на справе ён забраў чэмпіёна ў самым росквіце сіл…», — гаворыцца на старонцы супольнасці «Паўэрліфтынг у Беларусі» УКантакце.

На сваю старонку ў гэтай сацсетцы апошні раз Сяргей Кузняцоў заходзіў 15 чэрвеня. 19 чэрвеня яго калегі паведамілі, што ў Кузняцова — каранавірус і што ён знаходзіцца ў цяжкім стане, а ўначы 27 чэрвеня яго не стала.

Яго пахавалі 28 чэрвеня на Паўночных могілках. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0