Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў не спыняў сваю работу праз пандэмію — толькі не запрашаў гасцей на адкрыцці і даваў волю рэдкім наведвальнікам актуальных выстаў. Апошнім часам людзей у экспазіцыйных залах з'яўляецца ўсё больш, да таго ж з сённяшняга дня на Някрасава, 3 працуе новы выставачны праект — «Доўгая дарога дамоў» аўтаркі Машы Мароз. Мы тым часам зайшлі ў пустынны НЦСМ і распыталі яго дырэктара Сяргея Крыштаповіча пра пандэмію ва ўстанове, плён крызісу для творчасці і бачанне сучаснага мастацтва Цэнтрам, якому ў кастрычніку споўніцца пяць гадоў.

— Калі мы дамаўляліся пра інтэрв'ю, вы сказалі, што для мастацтва сённяшні крызісны час — прадуктыўны.

— Уздыму мастацтва спрыяе любы крызіс — гляньце на рэвалюцыю 1917 года, вайну, пасляваенны перыяд альбо іншае сацыяльнае ўзрушэнне. Хоць такі стрэс, на вялікі жаль, здымае з дыстанцыі стомленых альбо кволых на талент, самыя моцныя, тым не менш, застаюцца і рухаюць культуру наперад. Крызіс — не проста магчымасць для змен, але прыступка, трамплін — здаецца, так яго ўспрымаюць на ўсходзе. Вядома, чалавек імкнецца да сытасці, камфорту, стабільнасці — яны і павінны быць, але калі ўвесь час камфортна… Я, напрыклад, у дзяцінстве не ўспрымаў райскія шаты, дзе заўсёды цёпла і спяваюць анёлы, трэба толькі хваліць Бога: нават мне, дзіцёнку, рабілася жахліва ад нуды таго свету.

— Значыць, вы і па сабе, і па НЦСМ павінны адчуваць, што мастацкае жыццё віруе.

— Ды не, крызіс — палка з двума канцамі: я ж кажу, што застаюцца самыя моцныя, а пандэмія вырубіла ўсё, што раней працавала і працавала эфектыўна. Мая знаёмая з Германіі кажа, што мастакі, як, уласна, і музыкі, і тэатральныя дзеячы, увогуле выпалі ў асадак — іх не купляюць, нікуды не запрашаюць. Гэта цяпер паўсюль, у Аўстрыі, Іспаніі, Італіі, Расіі і Беларусі тое ж самае — гледачы зніклі з выставачных залаў і мастацкае жыццё спынілася. Праўда, людзі стаміліся баяцца і ўжо вяртаюцца да нас у Цэнтр, хоць гэта не той паток, што быў раней, калі на адкрыцці яблыку не было куды ўпасці. Безумоўна, трэба па-ранейшаму абачліва сябе паводзіць, але выключаць сябе з соцыуму, мне падаецца, не варта. Знаёмы ў Маскве разам з сям'ёй ледзь не з першых дзён знаходзіўся ў самаізаляцыі, але, тым не менш, нікуды не выходзячы, яны ўсе перахварэлі на каранавірус. А асабіста ў мяне праз «ковід» змянілася мастацкая пазіцыя.

— Як?

— Калі апошнія дваццаць пяць гадоў я пісаў сімвалічныя творы, то цяпер мне хочацца пісаць людзей, пісаць жанчын, пісаць ню, менавіта каб быў чалавек — я бачу гэтыя будучыя творы як абразы, светлыя, чыстыя і прыгожыя. Я стаў любавацца кожным тварам, калі чалавек у масцы — разглядаю вочы. Я таксама засцерагаюся і хвалююся за сваё жыццё, але для мяне як мастака пандэмія паскорыла працэс вяртання да чалавека, а гэта рэвалюцыйны паварот у маёй біяграфіі. На мінулым тыдні ў Музеі сучаснага мастацтва мы адкрылі выставу — спачатку яе хацелі назваць «Вялікае грамадства», але, калі я пазнаёміўся з канцэпцыяй, прапанаваў у якасці назвы выкарыстаць цытату з фільма «Салярыс» Андрэя Таркоўскага: «Чалавеку патрэбен чалавек». Чалавеку сапраўды патрэбен чалавек.

— Як НЦСМ фінансава і маральна перажывае пандэмію?

— У нас, як і шмат дзе, ёсць бюджэт і пазабюджэт, а калі праз каранавірус застаўся толькі бюджэт, у кожнага супрацоўніка ў два-тры разы ўпаў заробак. І я ўдзячны камандзе Цэнтра за тое, што ніхто пасля гэтага не сышоў. Усе вераць, што цяжкасці часовыя, і рух, сапраўды, пачынаецца, наведвальнікаў у нашых залах з кожным днём становіцца ўсё больш і больш.

— Сёлета НЦСМ спаўняецца пяць гадоў. Якое разуменне сучаснага мастацтва Цэнтр сфарміраваў за час работы: ці трапляе сюды папросту ўсё тое, што ствараецца ў сучаснай Беларусі?

— Натуральна, усё трапіць не можа. Напрыклад, Цэнтр Гейдара Аліева ў Баку (яго прадстаўнікі да нас не так даўно прыязджалі) мае сто тысяч квадратных метраў — там можна паказаць усё, а задача нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, якім з'яўляемся мы, у тым і заключаецца, каб рэпрэзентоўваць усё найлепшае і паказваць усе кірункі мастацтва: ён па статусе павінен быць самай буйной і дынамічнай культурнай установай, працаваць у тры змены, мець не адну тэатральную залу, кіназалу, бібліятэку, месца для канферэнцый. Нашы ж плошчы досыць камерныя, яны не даюць магчымасці рэалізаваць буйныя праекты, выставіць фарматныя палотны і скульптуры. Ёсць спадзеў пашырыць экспазіцыйныя плошчы, але гэта пытанне да дзяржавы, самі мы такіх рэсурсаў не знойдзем.

— Вы верыце, што ўлада дасць на гэта грошы?

— Веру — разумееце, калі не верыць, у чым тады сэнс працаваць? Адна знаёмая мне неяк сказала: «Ведаеш, чаму ў дзяцей збываюцца мары? Таму што ў іх няма «можа быць», толькі «так» і «не» — маці альбо набудзе ляльку, альбо не набудзе, бацька альбо купіць ровар, альбо не купіць». Думкі матэрыяльныя. Калі мы хістаемся, сусвет не ведае, як на набор нашых сумненняў рэагаваць. Як перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, у якую кожны верыў, хоць і не ўяўляў сабе яе кошт: калі б хісталіся, пэўна, не перамаглі б.

— А як асабіста вы разумееце сучаснае мастацтва?

— Маё разуменне адрозніваецца ад канцэпцый нашых альтэрнатыўных пляцовак. Сучаснае мастацтва павінна быць шляхетным альбо, лепей сказаць, арыстакратычным: форма і змест не маюць значэння, галоўнае — прыгажосць. Нашы продкі кіраваліся адным гэтым крытэрыем і, напрыклад, ніколі не будавалі хату ў ганебна непрывабным месцы: кожны дом, прынамсі, да рэвалюцыі, быў сапраўдным музеем з рушнікамі, абразамі, жаночымі ўборамі, каралямі і бранзалетамі. А цяпер мастацтва нібыта рэфлексуе на жыццё — а што, гэта жыць дапамагае? Задача святара — падтрымаць верніка, а не настрашыць яго пеклам, місія лекара — не пагоршыць жыццё пацыента, а вярнуць яму здароўе. Місія мастацтва тая ж — дапамагаць чалавеку жыць, а рабіць гэта можна толькі прыгажосцю. У маім разуменні гэта і ёсць сучасны падыход, я перакананы ў тым, што мастацтва — найперш высокая эстэтыка, прынамсі, для сябе я выбраў менавіта гэты шлях і без філасофскіх замарочак трымаюся прынцыпу «мае творы — фон для новай арыстакратыі». Кожны мой твор што абраз, а функцыя абраза якая: чалавек прыходзіць да яго знясілены, каб атрымаць сілы. Жыццё сведчыць, што мае работы такую функцыю сапраўды нясуць: у некаторых дамах змяніліся інтэр'еры, а мае карціны і праз дзесяць гадоў засталіся на тым жа месцы.

— Калі прыгажосць знаходзіцца наверсе іерархіі каштоўнасцяў, на якім месцы стаіць водгук мастацтва на рэчаіснасць?

— Любая тэма, гераічная ці трагічная, можа быць увасоблена эстэтычна. Не буду называць прозвішчаў, але некаторыя беларускія мастакі трактуюць жыццё таленавіта, але адмоўна, — такі сатанінскі падыход. І гэта выстаўляецца, прапагандуецца, вабіць і знаходзіць водгук. Я ж лічу, мастак нездарма параўноваецца са стваральнікам, адпаведна, і місія ў яго павінна быць высокая, творца не можа працаваць на разбурэнне. Так ці інакш, баюся, сучаснае жыццё ў нас сёння ніяк не адлюстроўваецца. Гэта адбываецца альбо калі зусім кепска, бо і так нічога не прадаць, альбо калі ўлада замаўляе карціны. Напрыклад, у савецкім зборы мастацтва — творы надзвычай высокага ўзроўню, і як бы мы ні называлі іх: патрыятычнымі, калгаснымі ці сялянскімі, буржуі ў час перабудовы куплялі іх з ахвотай.

— Але калі мастацтва будзе ігнараваць адмоўныя бакі жыцця, гэта будзе крывадушна.

— Іх не трэба ігнараваць, проста ўсе тэмы павінны ўвасабляцца не ў дэструктыўнай, а ў стваральнай форме, нічога забароненага тут няма, калі, канешне, ты не прапагандуеш гвалт ці забойства. Я за любую форму, але мы не маем права «выгінацца» і «выпендрывацца», маўляў, «я так разумею і так бачу», часам нават не маючы ніякай школы, — гэта прасцей за ўсё. Дзюрэр казаў, што анатомію трэба вывучыць, каб потым забыць, то-бок без школы мастацтва немагчыма. У работах авангардыстаў, якімі захапляецца ўвесь свет, ёсць свабода, а за ёй — школа.

— А ці бывае мастацтва без адукацыі?

— Высокае мастацтва — не, толькі самадзейнае. Вядома, ёсць выключэнні — Анры Русо, Ніка Пірасмані ці Вінсэнт Ван Гог. Як казаў Эйнштэйн, адкрыццё можна хутчэй зрабіць, калі не ведаць, што яно немагчымае. Але гэта адзінкі, у цэлым мастацкая адукацыя павінна быць. Мяне чатыры разы выганялі з вучэльні, то з-за рэвалюцыйнай выставы, то з-за рок-оперы, але за саветамі, дзякуй богу, можна было вярнуцца, і ўрэшце я скончыў навучанне.

— Вам не бачыцца канфлікт інтарэсаў, калі ў выставах НЦСМ удзельнічаюць вашы, яго дырэктара, карціны?

— А ў чым канфлікт? Я выстаўляюся па просьбах куратараў, а яны падбіраюць творы без майго ўдзелу. Я мастак — я абавязаны паказваць свае творы, калі, вядома, яны падыходзяць пад канцэпт. Мая папярэдніца Наталля Шаранговіч выступала на навуковых канферэнцыях як мастацтвазнавец — тое ж самае, што тут забароненага? Я ж не раблю так, каб кожная выстава Цэнтра была толькі маёй, таму ваша пытанне крыху здзіўляе.

— Гучнай падзеяй летась стала акцыя мастака Аляксея Кузьміча на пляцоўцы Цэнтра, якой ён выказаў супраціў цэнзуры. Ці ёсць у НЦСМ цэнзура?

— Не, ніякай. Магу перахрысціцца і паклясціся на Бібліі: Міністэрства культуры не кантралюе, што ў нас выстаўляецца, і ніколі не кажа мне, што выстаўляць не варта. Таму выказванне Аляксея папросту абразлівае: куратар дапамог яму зрабіць экспазіцыю, хоць там былі кволыя і сто разоў перапетыя ідэі, а ён выйшаў і вось так напляваў. Калі б Цэнтр чыніў яму розныя перашкоды, мог бы сказаць: «Вось вам!» — і даць такую аплявуху, а так яму ва ўсім дапамаглі, таму гэта па-чалавечы подла.

— А якое мастацтва Цэнтр ніколі не пакажа?

— Што паказваць, а што не, вырашае мастацкі савет, куды ўваходзяць не толькі нашы супрацоўнікі, але і прадстаўнікі іншых музеяў. Я ў савеце маю толькі адзін голас, усё вырашаецца супольна. Так што калі хто не прайшоў, то не таму, што не спадабаўся асабіста мне.

— Вы неяк сказалі, што культура павінна стаць маштабнай бізнэс-індустрыяй. Чаго ў нас для гэтага не хапае?

— Тых, хто купляў бы творы. Глядзіце, не было б каталіцкай царквы — не было б Адраджэння, царква плаціла вялікія грошы, і, натуральна, наверх падымаліся самыя таленавітыя, бо што плаціць шэраму мастаку, калі ёсць Мікеланджэла, Тыцыян і Веранезэ.

Рускае мастацтва: апроч таго, што імператар сам ездзіў і адбіраў творы на выставах, з'явіліся Павел Траццякоў, Сава Мамантаў, Сяргей Шчукін. Калі яны сталі нешта перахопліваць, цар забараніў багацеям купляць на выставах першымі, а яны тады пайшлі ў майстэрні напрасткі, то-бок за набыццё твораў была канкурэнцыя паміж дзяржавай і багатымі. Адным словам, патрэбны рынак: калі будзе замова — будзе і мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?