Фота Надзеі Бужан
27 чэрвеня ў патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай прынялі перадачу для Сяргея Ціханоўскага. Яго затрымалі чатыры тыдні таму, 29 мая ў Гродне.
Гэта значыць, што яго перавялі з карцара ў камеру следчага ізалятара, піша «Радыё Свабода».
Карцарам яго каралі двойчы — за «парушэнне ўнутранага распарадку». Парушэнне было ў тым, што на трохметровай столі ў камеры Сяргея знайшлі павуцінне.
Ад свайго мужа яна атрымала толькі адзін ліст.
«18 чэрвеня я атрымала ліст, які Сяргей даслаў 3 чэрвеня. Там нічога такога… бо цэнзура ж. Напісаў, што яму перадаваць», — дадала Святлана.
Вобмаль інфармацыі яна мае і ад адваката, бо ён падпісаў дакументы аб неразгалошванні.
«Адвакат кажа, што Сяргей у маральным плане трымаецца добра», — кажа Святлана.





