Такое рашэнне было прынята сёння, 19 чэрвеня, на пасяджэнні Бабруйскага гарвыканкама, піша komkur.info.
Цяпер у грамадскіх месцах — крамах, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты, вакзалах, грамадскім транспарце і іншых аб'ектах, дзе немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне — усе павінны знаходзіцца ў масках! Як паведаміў нам галоўны санітарны доктар Бабруйска Дзмітрый Мікалаевіч Лайтэр, прадугледжаны і іншыя меры прафілактыкі вірусных інфекцый.
Вырашана:
— Увесці масачны рэжым у арганізацыях і ўстановах горада, забяспечыць змену выкарыстаных масак кожныя дзве-тры гадзіны.
— Увесці абмежаванне колькасці адначасовых наведвальнікаў у гандлёвых аб'ектах (любых), аб'ектах грамадскага харчавання, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты і іншых аб'ектах, з улікам неабходнасці выканання мер сацыяльнага дыстанцыяваньня у залежнасці ад плошчы памяшкання.
— Рэкамендаваць усталяваць празрыстыя экраны на працоўных месцах кантралёраў-касіраў і прадаўцоў у вузлах разліку, або забяспечыць іх ахоўнымі шчыткамі.
— Увесці ў рэжым працы гандлёвых аб'ектаў (як харчовай, так і нехарчовай групы), аб'ектаў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, аптэк, банкаў, аддзяленняў пошты і іншых аб'ектаў тэхнічныя перапынкі (санітарная гадзіна) для праветрывання і правядзення чысткі памяшканняў з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў.
— У месцах адпачынку насельніцтва каля вады забяспечыць дадатковую штодзённую ўборку і дэзінфекцыю па віруліцыдным рэжыме (гэта такі рэжым апрацоўкі, які знішчае вірусы) малых архітэктурных форм, кабін для пераапранання, лавак і іншага абсталявання.
Рашэнне дзейнічае з 19 чэрвеня да адмены (з улікам эпідэміялагічнага становішча).