Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Рада «Саюза беларускіх пісьменнікаў» распаўсюдзілі зварот у абарону Паўла Севярынца.

18 чэрвеня адбыўся новы адміністрацыйны працэс над сябрам Рады ЗБС «Бацькаўшчына» і сябрам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Паўлам Севярынцам. Прысудам грамадскаму дзеячу і пісьменніку стаў новы тэрмін адміністратыўнага пакарання. Сумарна, у выніку некалькіх судовых паседжанняў, Павел Севярынец прыгавораны да 90 сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Падставай для такога неапраўдана суворага пакарання стаў удзел Паўла Севярынца ў дазволеным пікеце па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, на якім ён быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак арышту з адбываннем у Ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) па адрасе 1-шы завулак Акрэсціна, 36а, дзе знаходзіцца дагэтуль.

З паведамленняў сродкаў масавай інфармацыі, куды звярнуліся грамадзяне, якія адбывалі пакаранне ў ІЧУ ў той самы час, што і Павел Севярынец, вынікала, што за з’яўленнем у ізалятары асуджаных па палітычных матывах грамадзянаў і Паўла Севярынца ў прыватнасці, вязні гэтай установы пачалі штодзённа сутыкацца з беспрэцэдэнтнымі парушэннямі правоў, псіхалагічным ціскам і катаваннямі, сярод якіх поўная забарона на перадачы з сродкамі асабістай гігіены, пазбаўленне спальнай бялізны і матрасаў, змяншэнне часу перабывання на свежым паветры, канфіскацыя сродкаў для пісьма і друкаванай прадукцыі, заліванне камераў вадой з хлоркай, знявага і ўжыванне абразаў у дачыненні да арыштаваных, ужыванне фізічнага гвалту і пазбаўленне сну.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у часе чарговага судовага пасяджэння, якое адбылася праз Skype ў судзе Фрунзенскага раёна 18 чэрвеня, стала вядома, што Павел Севярынец апошнія 10 дзён знаходзіўся ў карцэры без доступу да пітной вады і без асабістых рэчаў, якія ў яго былі папярэдне сканфіскаваныя.

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» расцэньваюць гэтыя дзеянні як грубае парушэнне асноўных прынцыпаў нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права. Нечалавечыя ўмовы ўмовы ўтрымання Паўла Севярынца і іншых вязняў наўпрост парушаюць Артыкул 23 Канстытуцыі РБ, а таксама арт. 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятых Рэспублікай Беларусь, як краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Патрабуем спыніць пераслед грамадскага дзеяча і пісьменніка Паўла Севярынца, вызваліць яго з-пад варты і зняць несправядлівыя абвінавачванні.

Мы заклікаем улады краіны неадкладна ініцыяваць службовае расследаванне ў дачыненні супрацоўнікаў Ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканакама, якія дапусцілі злоўжыванні сваімі паўнамоцтвамі і найстражэйшым чынам пакараць вінаватых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0