Па стане на 19.00 18 чэрвеня адвакатаў так і не дапусцілі да затрыманых раніцай Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Юрысты падалі скаргу на супрацьпраўныя дзеянні ў пракуратуру. Ні адвакаты, ні штаб на гэты момант не маюць інфармацыі пра месцазнаходжанне Віктара і Эдуарда. У дамах сям'і Бабарыкаў ідуць ператрусы, паведамляе штаб палітыка.

Каманда сабрала рэкордную колькасць подпісаў за альтэрнатыўнага вылучэнца — 426 000. Сёння каманда планавала падаць астатнюю частку ў выбарчыя камісіі.

«Нам перашкодзілі гэта зрабіць, бо падаць подпісы ў некаторыя камісіі мелі права толькі Віктар Бабарыка і Эдуард Бабарыка як кіраўнік штаба. Але галоўнае, што мы ўжо падалі неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты колькасць подпісаў. Штаб працягвае працаваць у звычайным рэжыме», — гаворыцца ў паведамленні.

«Падзеі апошніх дзён і, у прыватнасці, сённяшняе затрыманне і нядопуск адвакатаў да Віктара і Эдуарда Бабарыкаў мы лічым прамым парушэннем правоў чалавека. Тое, што мы даведваемся аб заведзенай крымінальнай справе і затрыманні з дзяржаўных тэлеканалаў — мы лічым абсурдам. Тое, што зараз адбываецца з Віктарам і Эдуардам, паказвае, з якім цынізмам ставіцца беларуская дзяржава да сваіх грамадзян. Хамства, гвалт, шантаж, пагрозы, прыніжэнне і высмактаныя з пальца абвінавачванні — з гэтым сутыкаецца кожны грамадзянін. Настаўнік, якога прымушаюць збіраць подпісы, рабочы, якому бясконца пагражаюць разрывам кантракту, медсястра, якую пазбаўляюць прэміі пры жабрацкай зарплаце, прадпрымальнікі і бізнэсмены, якіх трасуць праверкамі і вымагаюць у іх хабару, пенсіянеры, якіх прымушаюць выжываць і лічыць кожную капейку, міліцыянеры, якіх прымушаюць парушаць закон, які яны павінны абараняць. Мы павінны змяніць гэта разам. Не людзі для дзяржавы, а дзяржава для людзей!» — гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0