Аляксандр Баўкуновіч з аграгарадка Заастравечча, што пад Клецкам, памёр 15 чэрвеня.

«У яго быў рэўматоідны артрыт, які даваў праблемы. Было і раней такое, што ляжаў у бальніцы з жыватом, быў нават крывацёк з кішачніку, — распавяла «Нашай Ніве» жонка Аляксандра.

— Недзе ў пачатку чэрвеня муж зноў пачаў хварэць жыватом. Пайшоў да мясцовай доктаркі. Тая прызначыла лячэнне, адправіла яшчэ і на здымкі лёгкіх, хаця муж на прастуду не скардзіўся — толькі жывот балеў моцна. Муж пасля яшчэ схадзіў да яе на прыём. Пасля выходныя правёў дома.

Але пасля выходных стала яму вельмі кепска, так балеў жывот, што ён аж крычаў. А першай гадзіне ночы я выклікала хуткую, мужа забралі. Так балела яму, што з хаты выносілі на насілках.

Мужа адправілі ў бальніцу ў Клецк. Пасля ў Нясвіж адправілі, там праверылі ныркі. Сказалі, вынік будзе ў панядзелак. Але да вынікаў муж не дажыў — 15 чэрвеня нам пазванілі, сказалі, што ён памёр. 16-га мы яго забралі ў закрытай труне і пахавалі».

Жонка кажа, што ў бальніцы ў Аляксандра ўзялі аналізы і выявілі каранавірус.

«Але мяне на «карону» ніхто не правяраў. Проста сказалі пасядзець дома да 22 чэрвеня. Аналізы не рабілі. Адчуваю я сябе нармальна. Ды і ў мужа, пакуль дома быў, былі толькі праблемы з жыватом. Таму я не выключаю, што «каронай» ён мог заразіцца ўжо ў самой бальніцы [часам каранавірус праяўляецца не праз кашаль, але менавіта кішачнымі праявамі — НН], — кажа жанчына. — Нявестка казала, што ў заключэнні аб смерці ў Аляксандра шмат чаго: і рэўматоідны артрыт, і тромбы, і ныркавая недастатковасць, і ішэмічная хвароба сэрца… Але там ў канцы нібыта быў пазначаны і кавід».

Аляксандру Баўкуновічу было 59 гадоў. Ён працаваў лесніком. У мужчыны засталося двое дарослых сыноў і двое ўнукаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?