Кіроўца на адной з дарог Латвіі спыніўся і зняў незвычайнае відэа: на ім бачна, як варона пераводзіць вожыка цераз дарогу, падштурхоўваючы дзюбай. Гэта выглядае міла і гуманна, а таму відэа імгненна разляцелася па інтэрнэце, піша greenbelarus.info.

Зялёны партал таксама яго паглядзеў, а потым пацікавіўся ў спецыяліста: а такое ўвогуле магчыма? Тлумачыць Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі АПБ:

— Людзі праецыруюць паводзіны вароны на сябе, бачаць, як яна яго падштурхоўвае дзюбай, нібыта падбадзёрвае і спрабуе дапамагчы перавесці цераз дарогу, на якой вожыку небяспечна знаходзіцца.

Насамрэч, варона бачыць у ім патэнцыйную здабычу, проста спрабуе яго неяк дзяўбнуць у розных месцах і спрабуе знайсці ў ім слабае месца, каб ператварыць вожыка ў свой абед.

У яе няма такіх думак, што вожыку пагражае небяспека і трэба хутчэй дапамагчы яму перайсці дарогу.

Па факце, дзеянні вароны марныя, вожыкі надзейна абаронены ад варон, і ён проста перабяжыць дарогу і нейкі час перачакае, пакуль варона перастане дзяўбці іголкі. Шанцаў у яе няма.

Ёсць іншыя птушкі, якія сілкуюцца вожыкамі, напрыклад пугач ці вялікі падворлік. Дзякуючы таму, што ў такіх птушак досыць вялікія кіпцюры, яны цалкам здольныя прабіць покрыва іголак і, зрабіўшы вожыку смяротныя раны, могуць адрываць кавалкі мяса ад мёртвага цела. Але мне асабіста не вядомы выпадак, каб варона змагла перамагчы жывога вожыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0