У Мінабароны паведамляюць, што абсалютная большасьць вайскоўцаў, якія захварэлі, — у здавальняючым стане. Як стала вядома Свабодзе, родныя аднаго з афіцэраў беларускай арміі шукаюць донара плязмы крыві, які перахварэў на COVID-19. Яны ня сталі камэнтаваць сытуацыю журналістам.

У Цэнтры трансфузіялёгіі і мэдычных тэхналёгій Свабодзе паведамілі, што прыняць плязму крыві для канкрэтнага хворага могуць толькі ў тым выпадку, калі донарам выступае яго родны. Усім іншым донарам прапаноўваюць здаваць плязму добраахвотна. Рашэньне, каму яна патрэбная ў першую чаргу, прымае лекар, які сочыць за станам пацыента.

У Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе паведамілі, што патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на дадзены момант мае адзін афіцэр.

«На мінулым тыдні мы падавалі інфармацыю аб тым, што ў некалькіх спэцыялістаў Вайсковай акадэміі тэст на каранавірус даў станоўчы вынік, — паведаміла прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. — Да таго моманту гэтыя супрацоўнікі ўжо знаходзіліся дома на самаізаляцыі праз падвышаную тэмпэратуру і іншыя сымптомы, яны ўжо нейкі час не хадзілі на працу.

Сярод курсантаў Вайсковай акадэміі інфікаваных COVID-19 няма. Абсалютная большасьць вайскоўцаў з СOVID-19 знаходзяцца ў здавальняючым стане і ідуць на папраўку. У падтрымцы ШВЛ цяпер мае патрэбу толькі адзін афіцэр».

Таксама ў Мінабароны адзначылі, што сярод вайскоўцаў тэрміновай службы няма ніводнага чалавека ў цяжкім стане. Вайсковец зь Печаў, які некаторы час быў на ШВЛ, ужо дыхае самастойна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?