93-гадовы Фелікс Шкірманкоў, які жыве ў Слаўгарадзе, мяркуе, што ні пра якое правядзенне парада на 9 Мая сёлета не можа быць гаворкі. «Вы ж паглядзіце на сітуацыю, якая склалася не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе», — эмацыйна кажа ветэран.

Фелікс Шкірманкоў (на фота з мікрафонам) звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі. Слаўгарад, 2015 год. Фота president.gov.by.

Фелікс Шкірманкоў (на фота з мікрафонам) звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі. Слаўгарад, 2015 год. Фота president.gov.by.

«Канечне, не патрэбны сёння парад. Вы ж паглядзіце на тую сітуацыю, якая склалася не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Які парад?! Навошта?! — кажа спадар Шкірманкоў. — Няхай ён [Лукашэнка — «НН»] пакажа тых ветэранаў, якія хочуць парад. Канечне, трэба на пазней перанесці. Будзе яшчэ нагода, можна будзе ўлетку правесці, калі яму ўжо так хочацца. Хаця, можа, яму карціць хутчэй паказацца ў сваім маршальскім мундзіры. Праўда, незразумела якой арміі».

У 1941 годзе Фелікс Шкірманкоў 15-гадовым падлеткам пайшоў у партызаны. У лістападзе 1943-га быў цяжка паранены. Потым закончыў ваенна-інжынерную вучэльню ў званні малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на 4-ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзвода. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені, «За Перамогу над Германіяй».

У мірным жыцці Фелікс Шкірманкоў быў старшынёй Слаўгарадскага райсавета.

Таксама спадар Фелікс з’яўляецца сябрам недзяржаўнага Саюза пісьменнікаў.

Стан здароўя Фелікса Шкірманкова стаў моцна горшаць. «Амаль цалкам страціў зрок. Бачу толькі абрысы людзей. А самае кепскае, калі прыходзіць натхненне і пішу вершы, то потым ніхто не можа разабраць, бо радкі накладаюцца адзін на адзін», — кажа ён.

Глядзі таксама: Фелікс Шкірманкоў: Лукашэнка да мяне на ты — і я да яго на ты, а гэбісты двойчы пыталіся, што я скажу прэзідэнту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?