Адмена абмежаванняў, уведзеных на фоне пандэміі каранавіруса, не будзе азначаць вяртанне да нармальнага жыцця — яно здарыцца не раней, чым праз год ці нават два. Такое меркаванне выказаў філантроп і адзін з заснавальнікаў амерыканскай карпарацыі Microsoft Біл Гейтс у інтэрв'ю газеце Le Figaro, апублікаваным у аўторак, піша tass.ru.

«Мы не вернемся да нармальнага жыцця раней, чым праз год ці два. Мы можам выйсці з гэтага першага этапу, выбудаваўшы сістэму дзейнасці, якая дазволіць выключыць рызыку вяртання да экспаненцыяльнай фазы прагрэсавання [эпідэміі]», — растлумачыў Гейтс.

«З дапамогай сістэмы тэставання і адсочвання мы можам хутка вызначыць вобласці заражэння і кантраляваць іх. Але мы не вернемся да зусім нармальнай дзейнасці, таму што людзі будуць вельмі занепакоеныя магчымасцю заражэння і рэзка зменяць свае паводзіны, — папярэдзіў ён. — Нават рашэнні ўладаў не вернуць іх на стадыёны да таго часу, пакуль не будзе даказана, што лячэнне або вакцынацыя могуць прадухіліць смяротны зыход».

Па словах прадпрымальніка, праца над метадамі лячэння вельмі важная, і яна павінна працягвацца, аднак менавіта распрацоўка вакцын павінна стаць галоўным крокам на шляху вяртання да нармальнага жыцця.

Гейтс выказаў надзею на тое, што ЗША ўсё ж далучацца да глабальнай ініцыятывы пад эгідай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), скіраванай на паскарэнне распрацоўкі тэхналогій па дыягностыцы і лячэнні хваробы, выкліканай каранавірусам. Ён выказаў здзіўленне ў сувязі з рашэннем Вашынгтона спыніць унёскі ў бюджэт арганізацыі ў разгар пандэміі і выказаў перакананне, што СААЗ не магла сказіць звесткі на карысць адной дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0