Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

БТ анансавала вялікае інтэрв'ю ў вячэрнім «Галоўным эфіры» з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. У навінах а 15:00 быў паказаны яго анонс.

Было зазначана, што адзіную платформу для школьнікаў усёй краіны створаць да канца года, а фармат выпускных вечароў стане зразумелы да канца мая. Разам з тым дату заканчэння навучальнага года змяняць не будуць — ён завершыцца 30 мая. Што тычыцца выпускных экзаменаў і ЦТ ва ўмовах пандэміі, форму мяняць не будуць.

«Хочам, каб людзей у аўдыторыях было крыху менш, узмоцнім санітарную апрацоўку тых памяшканняў, мы зараз запускаем электронную рэгістрацыю. Гэта спросціць сітуацыю, не трэба будзе хадзіць некалькі разоў пры запісе на ЦТ.

У тым ліку абмяркоўваем пытанні, пры неабходнасці, магчымага ссоўвання тэрмінаў правядзення ўступнай кампаніі. Але ва ўсякім разе пакуль будзем назіраць за той сітуацыяй, якая разгортваецца», — сказаў міністр у інтэрв'ю БТ.

У большасці ВНУ ў гэтым годзе ўступная кампанія мелася стартаваць 16 ліпеня, залічэнне на бюджэтную форму да 1 жніўня, на платную да 10 жніўня, ЦТ мае прайсці з 13 чэрвеня па 4 ліпеня.

Апошнім часам у Беларусі назіраецца ўпэўнены рост колькасці захварэлых на каранавірус. Па стане на раніцу 26 красавіка было зафіксавана 10 463 выпадкі, прырост за дзень +817.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0