23 красавіка 2005 года ў 20:27 па каліфарнійскім часе на YouTube загрузілі першае відэа ў гісторыі. Гэты ролік даў старт найбуйнейшай відэаплатформе ў свеце, пра якую цяпер ведаюць практычна ўсе. Пры гэтым само відэа выглядае нават занадта звычайна для такой важнай падзеі ў гісторыі інтэрнэту — гэта амаль 20-секундны ролік пад назвай «Я ў заапарку» (Me at the zoo). Загрузіў яго адзін з заснавальнікаў YouTube, які з часам сышоў у цень, піша tjournal.ru.

Першы ролік у гісторыі YouTube загрузілі на канал jawed. За ім хаваецца Джавед Карым — адзін з трох заснавальнікаў YouTube (астатнія — Чад Хёрлі і Стыў Чэн). Перад гэтым на той момант 25-гадовы Джавед адправіўся ў заапарк Сан-Дыега са школьным прыяцелем Якавам Лапіцкім і папрасіў таго паздымаць сябе побач са сланамі.

У 18-секундным роліку Джавед стаіць і распавядае: «Добра, вось мы перад сланамі. Класная рэч у гэтых чувакоў — у іх вельмі-вельмі-вельмі доўгія хобаты. І гэта крута. І, на самай справе, гэта ўсё, што можна сказаць».

Аўтары The New York Times пісалі, што Карым моцна дапамагаў Хёрлі і Чэну парадамі ў стварэнні YouTube, але сумяшчаў працу над сэрвісам з вучобай ва ўніверсітэце Стэнфарда. Таму сябры дамовіліся, што ў Джаведа не будзе афіцыйнай пасады, а таксама заробку. У выніку аўтар першага відэа пакінуў YouTube на ранніх стадыях, каб сканцэнтравацца на напісанні дысертацыі. Тым не менш пасля продажу платформы Google ў 2016 годзе за 1,65 мільярда даляраў ён атрымаў акцый на 64 мільёны.

Праз 15 гадоў у відэа «Я ў заапарку» 90 мільёнаў праглядаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0