Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка падпісаў указ №143 «Аб падтрымцы эканомікі», паведамляе БелТА.

Указам прадугледжваюцца меры падтрымкі суб'ектаў гаспадарання асобных галін эканомікі, найбольш схільных да неспрыяльнага ўздзеяння эпідэміялагічнай сітуацыі.

У сферы падаткаабкладання

Згодна з дакументам, даецца адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртання з бюджэту розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ. Індывідуальным прадпрымальнікам даецца магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання і пераразліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыццяўленнем імі дзейнасці.

Уводзяцца арэндныя вакацыі, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Акрамя таго, даецца права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам памяншаць маёмасныя падаткі. Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — уласнікам маёмасці — рэкамендавана даваць арандатарам адтэрміноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама змяншаць яе памер з улікам аб'ёму іх выручкі.

Абраны арганізацыяй парадак падатковага ўліку курсавых розніц можа быць зменены аднакратна на працягу 2020 года і будзе дзейнічаць на працягу ўсяго падатковага перыяду.

У вобласці кантрольнай дзейнасці

Міністрам аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі дадзена права спыняць працу гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання да ліквідацыі парушэнняў (але не больш чым на 90 дзён) у выпадку выяўлення па выніках праверкі парушэнняў заканадаўства, кантроль за выкананнем якога адносіцца да кампетэнцыі адпаведнага ведамства. Гэтая мера накіравана на павышэнне дысцыпліны ў рабоце суб'ектаў гаспадарання, асабліва неабходнай ва ўмовах бягучай эканамічнай і эпідэміялагічнай сітуацыі.

У сферы працоўных адносін

У мэтах захавання занятасці і павелічэння працоўнай мабільнасці скарочаны мінімальны тэрмін папярэджання работнікаў аб змене наймальнікам істотных умоў працы (без памяншэння памераў аплаты працы). Таксама падоўжаны да 3 месяцаў тэрмін магчымага часовага пераводу работнікаў у сувязі з вытворчай неабходнасцю, з-за неспрыяльнага ўздзеяння эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама для замяшчэння адсутнага работніка.

Меры сацыяльнай падтрымкі

Прадугледжана выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, якія наведваюць дашкольную ўстанову або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі гэтае дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

У мэтах спрашчэння працэдур закупак заказчыкам дадзена права на дзяржзакупкі з адной крыніцы (у аб'ёме, неабходным для забеспячэння патрэбнасці на працягу 2 месяцаў) у выпадку, калі дагавор з ранейшым пастаўшчыком скасаваны.

Пры гэтым пастаўшчыкі, якiя не выканалi свае абавязацельствы і вымушаныя скасаваць дамову па аб'ектыўных прычынах, часова не будуць уключацца ў спіс нядобрасумленных пастаўшчыкоў.

Для таго, каб урад мог аператыўна і гнутка рэагаваць на пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, яму дадзена права на прыняцце спецыяльнага часовага парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупак, калі гэта спатрэбіцца.

Вызначана, што запазычанасць за энэргарэсурсы ў замежнай валюце пагашаецца па курсе рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам на 31 снежня 2019 года да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разлікаў за энергарэсурсы.

Прадугледжваецца распаўсюджванне нормы аб падставах субсідыярнай адказнасці, устаноўленай у падпункце 5.6 пункта 5 дэкрэта №7 ад 23 лістапада 2017 года «Аб развіцці прадпрымальніцтва», на адносіны, якія ўзніклі да прыняцця дэкрэта.

Указам прадугледжваюцца і іншыя нормы і палажэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0