22 красавіка памерла Ядзвіга Іосіфаўна Пархімовіч са Стоўбцаў. Ёй быў 71 год. Жанчына хварэла ад канца сакавіка.
Падрабязнасці распавяла «Нашай Ніве» ўнучка жанчыны:
«30 сакавіка выклікалі доктара на дом — была прастуда. Доктарка прапісала парацэтамол і журавінавы морс, загадала сядзець дома.
Але праз тры дні мы зноў выклікалі доктара — тады ўжо бабулю забралі ў бальніцу і адразу паклалі ў рэанімацыю. Праз 3 дні перавялі на ШВЛ. Затым яна была ў штучнай коме.
Рабілі тэсты на каранавірус. Першы тэст быў адмоўны, другі — станоўчы, яго рабілі недзе 8—10 красавіка. Пасля гэтага санстанцыя прыязджала, апрацоўвала бабулін дом. Сваякоў праверылі, каранавіруса больш ні ў каго не знайшлі.
Прычынай смерці напісалі сардэчную недастатковасць. Але хавалі мы бабулю ў закрытай труне. Адкрываць труну катэгарычна забаранілі».





