5 сакавіка супрацоўнікі Светлагорскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі мужчыну, які лавіў рыбу сеткамі. Пазней аказалася, што ў яго дома цэлы склад зброі, паведамляе «Ранак».

Лавіў рыбу мужчына незаконна, таму ўвесь улоў канфіскавалі.

Дома ў затрыманага, у вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна, інспектары разам з міліцыянерамі вырашылі правесці агляд. Паводле аператыўнай інфармацыі, тут маглі знаходзіцца сеткі і іншыя незаконныя прылады лоўлі.

На падворку знайшлі мноства стаўных пастак і 10 сетак даўжынёй 293 метры.

На наступны дзень пры аглядзе знайшлі вялікую колькасць боепрыпасаў як часоў вайны, так і вінтовачныя патроны 1986-87 гадоў выпуску. Акрамя гэтага, шэсць ствалоў агнястрэльнай зброі: вінтоўка Мосіна ў цэлым выглядзе, абрэз вінтоўкі Мосіна, дзве незарэгістраваныя стрэльбы, сігнальны пісталет. Яшчэ быў самапал, незразумела для чаго зроблены.

Супрацоўнікі інспекцыі выявілі таксама тры гранаты, каля трохсот патронаў, выбухоўнікі, вогнеправодны шнур. Так, нечакана інспектары выйшлі на ўладальніка склада зброі, у дачыненні да якога будзе весціся крымінальная справа.

У 55-гадовага падазраванага, дарэчы, былога супрацоўніка міліцыі, быў шанец пазбегнуць адказнасці, але ён ім не скарыстаўся.

Грамадзяніну неаднаразова прапаноўвалі добраахвотна здаць зброю, бо было зразумела: паколькі ёсць боепрыпасы, ёсць і агнястрэльная зброя. Мужчына сцвярджаў, што ў яго нічога няма. А калі б здаў адразу, то да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся б. Цяпер яму пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0