25 лютага шэраг СМІ апублікавалі навіну пра тое, што Беларусь зноў узначаліла рэйтынг самых пітушчых краінаў свету. «Радыё Свабода» тлумачыць, чаму гэта не так.

14,4 літра спірту на чалавека штогод выпіваюць у Беларусі — такую навіну апублікавалі шэраг беларускіх СМІ са спасылкай на рэйтынг World Population Review.

Але, як высветліла «Свабода», гэта фэйк. Насамрэч у рэйтынгу проста ўзялі звесткі з агляду Сусветнай арганізацыі здароўя за 2014 год.

На самой справе ў Еўропе Беларусь займае 23 месца па спажыванні алкаголю. У такім жа сусветным рэйтынгу Беларусь на 27 месцы. Пра гэта сказаў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў:

«Мы зараз разабраліся, яны проста не праверылі лічбы і зрабілі спасылку на справаздачу 2014 года, якая грунтуецца на даных 2010 года, — сказаў Батыр Бердыклычаў. — 11,2 літра спажывання спірту на чалавека — такія звесткі па глабальнай справаздачы СААЗ за 2018 год. І калі ў 2014 годзе былі спрэчкі з боку Мінздароўя, то цяпер у нас поўная згода па мэтадалогіі і выніках».

У 2018 годзе, па статыстыцы СААЗ, самай пітушчай была Малдова (15,2 літра спірту на чалавека на год), Літва (15 літраў), Чэхія (14,4 літра), Нямеччына (13,4 літра), Нігерыя (13,4 літра).

Больш, чым у Беларусі, пілі ў Латвіі (12,9 літра), Расіі (11,7 літра), Польшчы (11,6 літра).

Па статыстыцы Белстата, спажыванне алкаголю ў Беларусі — 11,5 літра спірту на кожнага жыхара, старэйшага за 15 гадоў. Найбольш спажываюць піва, гарэлку і пладовае віно. Найменш — каньяк і брэндзі.

Паводле СААЗ, спажыванне больш як 8 літраў спірту на год нясе не толькі пагрозу жыццю, але і вядзе да дэградацыі грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?