Удзень 20 лютага да аднаго з дамоў у мікрараёне Бараўкі прыехала хуткая і міліцыя. Неўзабаве стала вядома, што ў сям'і, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, загінуў самы малодшы — трохмесячны сын.

Чытайце таксама: У Баранавічах мужчына ў сне выпадкова задушыў сваё дзіця

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, немаўля знаходзілася дома разам з бацькам — 32-гадовым жыхаром Баранавіч. Жонка мужчыны была ў Мінску: павезла старэйшага дзіця да ўрача.

— Вярнуўшыся дадому, жанчына выявіла мужа, калі ён спаў на канапе. Падняўшы мужчыну, яна знайшла пад ім дзіця без прыкмет жыцця, — паведаміў Дзмітрый Іванюк, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. — Медыкі канстатавалі смерць дзіцяці. Агляд паказаў наяўнасць алкаголю ў выдыханым мужчынам паветры ў канцэнтрацыі 1,4 праміле.

Суседзі, з якімі ўдалося пагаварыць Intex-press, характарызуюць сям'ю, у якой загінула дзіця, як «звычайную сярэднестатыстычную». Кажуць, што засялілася сям'я ў новабудоўлю больш за год таму.

Па словах суседзяў, яны не бачылі, каб да шматдзетных бацькоў прыходзіў хто-небудзь з органаў апекі або міліцыі, і «назваць гэтую сям'ю няшчаснай язык не паварочваецца».

Яшчэ адна суседка, якая жыве паверхам вышэй, адзначае, што ні разу не бачыла мужчыну п'яным, не чула, каб муж і жонка лаяліся, гучна размаўлялі. Кажа, што яе шакаваў той факт, што ў мужчыны было выяўлена 1,4 праміле.

— Для ўсяго дома гэта шок. Дзеткі ў сям'і ўсе дагледжаны, у доме ахайна. Сам мужчына — майстар на ўсе рукі: у кватэры сам клаў плітку, рабіў рамонт. Ён увесь час вадзіў дзяцей у школу і садок, а яго жонка сядзела дома з малым. Ён не з тых мужчын, якім нельга было даверыць дзіця, — кажа суседка, якая жыве ў адным пад'ездзе са шматдзетнай сям'ёй.

Па словах суседкі, з'яўленню пятага дзіцяці шматдзетныя бацькі радаваліся і рыхтаваліся загадзя. Купілі каляску, сабралі сумку для выпіскі з радзільні.

— Яны хацелі гэтае дзіця. Калі жонка трапіла ў бальніцу на захаванне, то дакладна выконвала інструкцыі лекара, перажывала за малога, берагла. І яе муж ганарыўся тым, што малодшага сына назвалі ў яго гонар — Мікалаем. Ён хадзіў, радаваўся, казаў, што ў яго цяпер ёсць Мікалай Мікалаевіч, — успамінае жанчына.

Суседзям шкада і дзіця, і бацькоў. Маці малога, па іх словах, дакарае сябе, што паехала ў Мінск.

— Хто мог падумаць, што такое здарыцца? Муж нярэдка заставаўся з дзецьмі, і ўсё было добра. За пятае дзіця ён падарыў ёй пуцёўку ў Львоў на чатыры дні, і, калі жонка з'ехала, ён і за малым, і за старэйшымі сам глядзеў, — успамінае суседка. — І нічога з ім не адбылося. А тут з'ехала на паўдня, і вось так…

Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку. Каб высветліць дакладную прычыну смерці немаўляці, прызначана судова-медыцынская экспертыза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?