«Мяне гэты фільм доўга не адпускаў, я цэлыя суткі думаў пасля пра яго», — сказаў мне адзін спечаны рознымі сонцамі дыпламат, чалавек, які па сваёй прафесіі бачыць спод жыцця і прыняцця розных рашэнняў, а гэта не спрыяе сентыментальнасці.

Бюджэт гэтага фільма склаў 1,3 мільёна даляраў — не нешта захмарнае, па сілах і беларусам фінансаваць такія стужкі, а касавыя зборы — 8,2 мільёна. Ніводзін беларускі фільм столькі не збіраў. Ніколі.

На «Лістападзе» ў Мінску «Божае Цела» атрымала і першы прыз за рэжысуру, і спецыяльны прыз журы.

Я чуў захопленыя водгукі пра фільм як ад беларускіх лібералаў-лібералаў, напрыклад, арт-куратаркі Ганны Карпенкі, так і ад кансерватараў-кансерватараў, як гісторык Алесь Белы. «Гэта важны роздум пра тое, як зрабіць Касцёл больш жывым, з многімі сумленнымі пытаннямі», — адзначае Аляксандр Белы. І гэта кантрастуе з польскімі рэакцыямі, дзе лібералы фільм віталі, тады як кансерватары крытыкавалі.

Чаму так? Чым гэты фільм выклікае такія пачуцці? І чаму ў Беларусі яго прынялі лепш, чым «Паразітаў», у той жа час як оскараўская акадэмія паставіла «Паразітаў» вышэй? (І Rotten Tomatoes таксама — 99 проці 96, хоць і апошні бал — надзвычай высокі.) Што ў «Божым Целе» так уражвае беларусаў менавіта?

Па-першае, фільм падымае тэмы, якія хвалююць людзей у наш час у нашай частцы свету. Сярод іх тэма гвалту, які дагэтуль пранізвае многія асяроддзі ў нашых усходнееўрапейскіх грамадствах. Фільм пачынаецца са сцэны насілля ў калоніі. Галоўны герой стаіць на шухеры, калі побач у сталярні некага апускаюць. А далей яго жыццё павяртаецца нечакана.

У фільме ўсё моцна: і сюжэт закручаны, і рытм, і гульня акцёраў, і старанная рэканструкцыя асяроддзя ў найлепшых традыцыях усходнееўрапейскага рэалізму.

Але, акрамя гэтага, ёсць і яшчэ нешта наватарскае і шакуючае адначасова, і нельга не сказаць дзякуй беларускаму кінапракату, які захаваў гэта, суправадзіўшы фільм субцітрамі і адмовіўшыся ад традыцыйнага дубляжу. Гэта мова.

Яна таксама перададзеная рэалістычна і без ханжаства.

Героі-крымінальнікі і героі-падлеткі размаўляюць так, як гавораць сацыяльныя нізы на прасторы ад Нысы Лужыцкай да Уладзівастока. І не толькі сацыяльныя нізы — услухайцеся ў мову беларускага афіцэрства, напрыклад.

Хоць сотні абсцэнных слоў утвораныя на аснове ўсяго некалькіх табуяваных каранёў, яны здатныя перадаваць тонкія адценні сэнсаў. І дасканала адлюстроўваюць погляд носьбітаў гэтай мовы на свет.

Я не ведаю беларускага пісьменніка, які б зафіксаваў гэтую манеру гаварыць, перадаў яе пластыку і брудную, але выразную эстэтыку. Ні Віктар Марціновіч, ні Альгерд Бахарэвіч, ні Андрусь Горват не зайшлі ў гэтыя небяспечныя двары.

Я ведаю толькі аднаго аўтара — шкада, ён не піша ў вялікім празаічным жанры — гэта Стась Карпаў, які паслядоўна карыстаецца табуяванай лексікай, нягледзячы на крытыку многіх сяброў (і прафесійных крытыкаў).

Карпаў карыстаецца матамі гнутка, але гэтая яго мова — гэта мова інтэлігента, прэстыжнай мінскай тусоўкі, up-scale нецэнзуршчына.

Польскі фільм паказвае мастацкі патэнцыял мовы нізоў, якую многія адкідаюць як нешта суцэльна вульгарнае.

Гэтую рэалістычную сілу скрыпта «Божага Цела» неславянская аўдыторыя адчуць не магла. Тэма маральнага пробліску, маральнага інстынкту ў крымінальніках не новая, а тэма расплаты за грахі, адкуплення грахоў — не простая. Гэта не тое, што важна і зразумела галівудскай эліце, якая раздае «Оскары». Спробы бедных прыбіцца да багатых, бліскуча апісаныя ў «Паразітах», оскараўскім акадэмікам больш животрепещущие. Але няважна, што няма Оскара. «Божае Цела» — гэта безумоўны шэдэўр. Паглядзіце яго, фільм вас не адпусціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?