У студзені на фоне скарачэння нафтаперапрацоўкі ВУП Беларусі ўпаў на 1,9% адносна студзеня мінулага года. Ці балюча гэта для нашай эканомікі? «Наша Ніва» пацікавілася ў экспертаў.

Эканаміст Сяргей Чалы адзначае, што гэта істотны мінус.

«Але трэба разумець, што гэта папярэднія лічбы. Па выніках квартала ВУП будзе падлічвацца яшчэ раз, і тады ўжо будуць дакладныя паказчыкі», — кажа эксперт.

Чакаць, што ВУП будзе зніжацца на працягу ўсяго года, не варта — перамовы па нафце не зацягнуцца настолькі, мяркуе Чалы. Але, верагодна, нам не ўдасца дасягнуць прагнозных паказчыкаў па выніках года (улады прагназавалі, што за 2020-ы ВУП вырасце на 2,8%). Беларусі гэта пагражае адставаннем па ўзроўні жыцця ад суседніх краін.

Значным падзенне ВУП называе і эканаміст Дзмітрый Крук.

«Калі б з нафтаперапрацоўкай усё было добра, то, хутчэй за ўсё, эканоміка расла б — на ўзроўні ад 1% да 2%. Таму страты ў форме ВУП нават больш значныя. Тое, што мы маем зараз, вельмі балюча. Бо для нас рост ВУП вельмі крытычны і неабходны»,

— кажа Дзмітрый Крук.

Але ён не лічыць сітуацыю катастрофай. Магчыма, па выніках года паказчык удасца выраўняць і падзенне ў студзені будзе не так бачна — усё залежыць ад нафтавага сцэнара, які будзе прыняты.

«Сёння галоўная задача — прадухіліць негатыўныя тэндэнцыі ВУП. Мы будзем вымушаны перагледзець карэнным чынам працу нафтаперапрацоўкі, каб гэтыя страты ў ВУП не мелі сацыяльных і палітычных наступстваў».

Эканаміст лічыць, што падзенне ВУП у студзені адаб’ецца на заробках толькі ў галінах, непасрэдна звязаных з нафтаперапрацоўкай. Астатніх пакуль не закране. Але калі шок працягнецца, нясоладка стане ўсім. Таму важна хутчэй вырашыць пытанне.

«На мой погляд, сітуацыя нявызначанасці сама па сабе вядзе да больш істотнага прасядання і большых стратаў у ВУП», — падсумоўвае эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?