Шэсць чалавек вырашылі прыняць удзел у праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад апазіцыі — гэта лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, прадстаўнікі БХД Павел Севярынец і Вольга Кавалькова, старшыня АГП Мікалай Казлоў, былая дэпутатка парламента Ганна Канапацкая, а таксама намеснік кіраўніка Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. «Наша Ніва» задала ўсім кандыдатам аднолькавыя пытанні.

  • Ваш першы ўказ на пасадзе прэзідэнта?

Юрась Губарэвіч: Аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы, у тым ліку праз рэферэндум. Дзеля падзелу галінаў улады і яе выбарнасці.

Вольга Кавалькова: Правесці рэформу судовай і праваахоўнай сістэмы, стварыць камісію для перагляду прысудаў па скаргах асуджаных. Інстытут абскарджвання павінны рэальна працаваць. Асновай судовай сістэмы павінна быць прэзумпцыя невінаватасці і незалежнасць, а адказнасць павінна адпавядаць здзейсненаму злачынству.

Мікалай Казлоў: Аб роспуску парламента. Наша мэта — гэта свабодныя выбары.

Ганна Канапацкая: Указ аб пераходзе на агульнаеўрапейскі час.

Павел Севярынец: Адмена незаконных указаў Лукашэнкі і вызваленне палітычных вязняў.

Аляксей Янукевіч: Аб амністыі. У нас празмерна жорсткая судовая сістэма, часта беспадстаўна людзей асуджваюць на вялікія тэрміны. Важна даць волю беларусам, якія асуджаныя да такіх тэрмінаў. Вядома, тут гаворка не пра забойцаў, гвалтаўнікоў і педафілаў.

  • Ці гатовыя вы даць гарантыі бяспекі Аляксандру Лукашэнку?

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч: Так, пасля расследавання яго 25-гадовай дзейнасці і адсутнасці прэтэнзіяў з боку незалежнага суда.

Вольга Кавалькова: З гісторыі і асабістага жыцця мы ведаем, якімі жорсткімі з’яўляюцца аўтарытарныя кіраўнікі, і я выступаю за мірны шлях прыходу да ўлады. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб пры прыходзе да ўлады не пралілася кроў, можна даць гарантыі для таго, каб абараніць людзей і пазбегнуць ахвяраў.

Мікалай Казлоў: Не гатовы. Адзінае, што я магу даваць — гарантыі сумленнага суда, які будзе здольны даць незалежную ацэнку ягоным учынкам. Я сябра партыі, у якой як мінімум трое чалавек былі забітыя.

Ганна Канапацкая: Як і ўсім наступным прэзідэнтам Беларусі. І не толькі даць, але і забеспечыць яго выкананне на падставе закона.

Павел Севярынец: Не маю права вырашаць за ўвесь народ. Калі пакаецца, верне нарабаванае і мірна перадасць уладу, каб не дайшло да крыві — магчыма, людзі вырашаць, што так.

Аляксей Янукевіч: Я заўсёды клапачуся пра тое, каб апазіцыя не выглядала камічна. Сёння казаць пра нейкія гарантыі Лукашэнку з боку апазіцыі — як выстаўляць ультыматум, што зрабіў летам Анатоль Лябедзька, а Лукашэнка гэтага нават не заўважыў. Гарантыі можа даваць той, хто мае сілы. На сёння гэта маглі б зрабіць ЗША, напрыклад. Калі ўявіць, што ў будучыні апазіцыя стане такой сілай, якая можа гарантаваць бяспеку, то гэта будзе неабходным элементам транзіту ўладу. Тут мы не павінны дзейнічаць як бальшавікі. Канечне, гэта тычыцца толькі сцэнару мірнага пераходу ўлады.

  • Што нам рабіць з саюзнай дзяржавай і ЕАЭС?

Юрась Губарэвіч: Саюзная дзяржава ўжо цяпер адмірае, а ў ЕАЭС Расія дамінуе і дыскрымінуе Беларусь. Шлях Беларусі — паступовая інтэграцыя ў еўрапейскую эканамічную прастору.

Вольга Кавалькова: Лічу, што такі інтэграцыйны праект, як саюзная дзяржава Беларусі і Расіі супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і не мае будучыні. Я выступаю за ліквідацыю гэтага інтэграцыйнага праекта. Але мы павінны захаваць усе гандлёвыя адносіны і сацыяльныя здабыткі, якія тычацца свабоднага перамяшчэння людзей, адукацыі, аказання медыцынскіх паслуг.

Мікалай Казлоў: У пагадненні аб адзіным кандыдаце гаворыцца пра выхад Беларусі з гэтых утварэнняў. Нічога, апроч рызыкаў для суверэнітэту, гэта не нясе. Пры гэтым з Расіяй павінны захавацца нармальныя гандлёвыя і добрасуседскія адносіны.

Ганна Канапацкая: Дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы дэнансаваць, як парушаючую суверэнітэт абедзвюх краін. У ЕАЭС як у эканамічным утварэнні, якая адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, працу падоўжыць.

Павел Севярынец: Так званая саюзная дзяржава — антыканстытуцыйнае ўтварэнне. ЕАЭС — нявыгадная Беларусі кабала. Дамовы, заключаныя Лукашэнкам, будуць пераглядацца.

Аляксей Янукевіч: Неадкладна выходзіць са складу гэтых нявыгадных і небяспечных для Беларусі ўтварэнняў.

  • Беларусі варта рухацца ў бок уступлення ў ЕС і НАТА?

Юрась Губарэвіч: ЕС — сяброўства. НАТА на першым этапе — партнёрства з магчымасцю сяброўства, калі гэта ўзмоцніць нацыянальную бяспеку Беларусі.

Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова: Я выступаю за пазаблокавы статус Беларусі. Далучэнне Беларусі да НАТА можа быць здзейснена толькі ў выніку ўсенароднага рэферэндуму. Я разглядаю Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі. Разам з тым я разумею, што паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў ЕС з’яўляецца аддаленай перспектывай, якая дасягаецца толькі паступовым рухам і сур’ёзнымі рэформамі. Беларусь павінна стаць на шлях еўрапейскай інтэграцыі, але гэта не першачарговая мэта, найбольш актуальным з’яўляецца далучэнне да Еўрапейскай эканамічнай прасторы, як формы асацыяцыі з ЕС з найбольш поўным захаваннем уласнага суверэнітэту.

Мікалай Казлоў: На сёння гэта ўсё смелыя замашкі. Пакуль што нам трэба дасягнуць статусу нейтральнай дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы.

Ганна Канапацкая: У найбліжэйшы час гэта не актуальнае пытанне для нас. Я за пазаблокавы статус Беларусі.

Павел Севярынец: Беларусь — нейтральная дзяржава паводле Канстытуцыі. Эканамічная асацыяцыя з Еўрасаюзам Беларусі відавочна патрэбная. Астатняе вырашыць народ і дэмакратычна абраны парламент.

Аляксей Янукевіч: Рухацца ў той бок неадкладна. Але мэтай павінен быць не проста рух, а паўнавартаснае сяброўства і ў ЕС, і ў НАТА.

  • Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай ці пакінуць двухмоўе?

Юрась Губарэвіч: Беларуская мова — дзяржаўная. З гарантыяй моўных правоў нацыянальных меншасцяў.

Вольга Кавалькова: Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай мовай, але для гэтага мы павінны прайсці доўгі шлях і старацца яе больш ужываць у жыцці. Вельмі доўгі час Беларусь русіфікавалася, большасць беларусаў размаўляюць па-расейску, і кожны сам робіць выбар, якой мовай яму карыстацца. Але на дзяржаўным узроўні асноўнай мовай мусіць быць беларуская. Родная мова — гэта наша ідэнтачнасць, і яна з’яўляецца асноўным складнікам нашай нацыянальнай свядомасці.

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў: Адчувальнае для Беларусі пытанне. На сёння факт, што большасць грамадзян нашай краіны карыстаецца рускай мовай. На першым этапе павінна быць захаванае двухмоўе, але калі мы беларусы, то павінны імкнуцца пачаць размаўляць па-беларуску.

Ганна Канапацкая: Падчас першага майго тэрміну — двухмоўе.

Павел Севярынец: Беларуская мова ў Беларусі павінная быць адзінай дзяржаўнай, інакш мы яе страцім наогул. Дамо льготы тым, хто вядзе справаводства ці абслугоўвае кліентаў па-беларуску. Адначасова — права свабоднага карыстання рускай мовай, на ёй цяпер размаўляе большасць.

Аляксей Янукевіч: Адзіная дзяржаўная — беларуская.

  • Вы за смяротнае пакаранне ці супраць?

Юрась Губарэвіч: Супраць.

Вольга Кавалькова: Я выступаю за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.

Мікалай Казлоў: Катэгарычна супраць.

Ганна Канапацкая: Супраць.

Павел Севярынец: Супраць, але вырашаць такія пытанні павінен народ на рэферэндуме ці дэмакратычна абраны парламент.

Аляксей Янукевіч: Партыя БНФ у сваёй праграме выступае за скасаванне смяротнага пакарання.

  • Войска павінна быць кантрактным ці варта пакінуць усеагульны вайсковы абавязак?

Юрась Губарэвіч: Кантрактнае, з магчымасцю ўсеагульнай мабілізацыі. Кожны грамадзянін(-ка) павінен мець магчымасць атрымаць кораткачасовую армейскую падрыхтоўку.

Вольга Кавалькова: Фармаванне арміі павінна адбывацца як на прафесійнай аснове, так і за кошт прызыву тэрмінам на 6 месяцаў. Падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы трэба рабіць ухіл менавіта на вайсковую падрыхтоўку: навучанне вайсковае справе, рэгулярныя стрэльбы, правядзенне часткі службы ў палявых умовах. Таксама трэба забяспечыць магчымасць у поўнай меры рэалізаваць канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Грамадзяне, якія праз рэлігійныя, пацыфісцкія ці іншыя абгрунтаваныя перакананні не могуць прайсці 6-месячную вайсковую падрыхтоўку, павінны мець права на альтэрнатыўную службу.

Мікалай Казлоў: Ідэал — прафесійнае войска. Але краіна ў нас невялікая, абараняцца трэба ўмець усім — і мужчынам, і жанчынам. На мой погляд, трэба пераарыентаваць на армію частку сродкаў, якія сёння ідуць на МУС.

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая: Нейкі час змяшаным, потым цалкам кантрактным.

Павел Севярынец: Аснова войска — прафесійныя мабільныя сілы, набраныя па кантракце. Але без прызыву і добрай падрыхтаванай тэрытарыяльнай абароны можам пры сённяшніх пагрозах страціць дзяржаву. Як перакананы дзяржаўнік, паўтару: не хочам карміць сваё войска — будзем карміць чужое.

Аляксей Янукевіч: Ядро — прафесійнае войска. Тым не менш павінен захавацца прызыў для мужчын на тэрмін шэсць месяцаў. Прызыў мусіць застацца дзеля атрымання базавых ведаў вайсковай падрыхтоўкі, а таксама сапраўднага патрыятычнага выхавання.

  • Ці падтрымліваеце вы легалізацыю лёгкіх наркотыкаў?

Юрась Губарэвіч: Так, з цягам часу.

Вольга Кавалькова: Я выступаю за дэкрыміналізацыю наркатычнага заканадаўства, рэформай якога мы разам са сваякамі асуджаных займаемся ужо некалькі гадоў. 

Мікалай Казлоў: Мне, былому супрацоўніку крымінальнага вышуку, балюча глядзець на студэнтаў, якія атрымліваюць вялізныя тэрміны за наркотыкі. Іх пакаранне не адпавядае здзейсненаму парушэнню. Думаю, што свабодна абраны парламент прыме правільнае рашэнне, якое будзе адпавядаць часу.

Ганна Канапацкая: Толькі па медыцынскіх паказніках.

Павел Севярынец

Павел Севярынец

Павел Севярынец: Не.

Аляксей Янукевіч: Не, ніколі.

  • А легалізацыю прастытуцыі?

Юрась Губарэвіч: Калі грамадства будзе гатова да гэтага.

Вольга Кавалькова: Як паказвае досвед іншых краін, легалізацыя не прыводзіць да тых станоўчых вынікаў, якімі яе аргументуюць. Але адказнасці за гэта быць не павінна.

Мікалай Казлоў: Мне падабаецца скандынаўская мадэль, калі караюць не саміх жанчын, якія ў гэтым удзельнічаюць, а арганізатараў падпольнага бізнесу. Важна адно, што займацца гэтым не павінны крымінальныя структуры, мірыцца з эксплуатацыяй жанчын нельга. Узважанае рашэнне прыме дэмакратычны парламент.

Ганна Канапацкая: Як від прадпрымальніцкай дзейнасці.

Павел Севярынец: Не.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч: Не, ніколі.

  • Калі не вы, то хто больш годны з астатніх кандыдатаў?

Юрась Губарэвіч: Той, хто набярэ большасць галасоў падчас праймерыз.

Вольга Кавалькова: Віталь Рымашэўскі.

Мікалай Казлоў: Прапушчу пытанне, неэтычна выказвацца аб сваіх калегах.

Ганна Канапацкая: Вось і я кажу — калі не я, то хто?

Павел Севярынец: Найлепшым прэзідэнтам Беларусі быў бы Зянон Пазняк.

Аляксей Янукевіч: Павел Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?