Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.
Прэміі ўрэзалі, гады працы ў прыватных установах не ўключылі ў стаж
Настаўніца Ганна Севярынец кажа, што ў іх калектыве педагогі атрымалі на 100—200 рублёў менш, чым звычайна. Калі аклад захаваўся практычна той жа, то з прэміямі — бяда.
Вось якія змены ўбачылі выкладчыкі.
«Аклад складаецца з іншых рэчаў. Раней надбаўкі за катэгорыю, стаж былі вынесены за межы акладу, а цяпер уключаны ў яго.
Што істотна змянілася ў методыцы — налічэнне стажу. Цяпер гэта даплата ўнутры акладу, і з яе выкінутыя тыя гады, якія мы працавалі ў прыватных установах. У мяне, напрыклад, выпала 5 год. Хоць я выконвала тую ж працу, і з заробку гэтак жа сплачваліся падаткі».
Што яшчэ заўважна змянілася — гэта сістэма налічэння прэмій. Праблема ў тым, што ў настаўнікаў яны складаюць значную частку заробка.
«Аддзел адукацыі больш не налічвае нам ніякіх даплат і прэмій. Цяпер яны будуць выплочвацца кіраўніцтвам школы. А яны яшчэ не атрымалі гэты зарплатны фонд і інструкцыі. Таму ў гэтым месяцы нам выдалі голы аклад. Нам абяцаюць, што ўсё кампенсуюць, але як яно будзе, невядома», — наракае выкладчыца.
Сам фонд, з якога налічваюцца прэміі, істотна зменшыўся. Раней гэта было 20% ад зарплатнага фонду, цяпер 5%. Атрымліваць прэміі будуць за вынік — напрыклад, за пераможцаў алімпіяд.
«Але гэта тытанічная праца, немагчыма паказваць высокія вынікі штогод», — заўважае Ганна Севярынец.
У пастку праз гэта трапляюць тыя, хто займае адміністрацыйныя пасады і чыя праца не прадугледжвае тую ж падрыхтоўку алімпіяднікаў, — завуч, сакратар. З чаго ім атрымліваць прэміі, незразумела.
Але і колькі будуць плаціць настаўнікам за розныя дасягненні, невядома. Раней у калектыўнай дамове былі прапісаны канкрэтныя расцэнкі. Цяпер, паколькі сістэма налічэння заробку змянілася, тая дамова не мае сілы.
«Сказалі, што ў якасці кампенсацыі раз на год будуць выплачваць суму на аздараўленне. Для мяне як настаўніка вышэйшай катэгорыі гэта 150 рублёў», — дадае Ганна Севярынец.
У выйгрышы — толькі малакваліфікаваныя работнікі
Меншыя сумы ў сваіх разлікоўках убачылі і некаторыя работнікі галіны культуры. У «Нашу Ніву» патэлефанавала супрацоўніца аднаго з раённых музеяў — у параўнанні са снежнем яе заробак упаў на 100 рублёў.
«У папярэднім месяцы ўсё было ў парадку. А ў гэтым атрымала каля 350 рублёў. Калі прыплюсаваць аванс, мінімалка, канечне, атрымліваецца (цяпер гэта 375 рублёй. — «НН»), але не больш», — бядуе жанчына.
Па яе словах, прычына таксама ў змене сістэмы прэмій. Музей, як самастойная юрыдычная арганізацыя, зарабляе грошы на свой спецрахунак. З гэтых сродкаў супрацоўнікам выдавалі дадатковую прэмію. А новыя правілы працэнт гэтай прэміі зменшылі.
У адным са сталічных музеяў расказваюць, што, калі не ўлічваць прэміі, заробкі ў іх не паменшалі.
«Голыя аклады, хоць на пару рублеў, але выраслі. З’явіліся новыя стымулюючыя выплаты. Але ў выніку выйгралі толькі малакваліфікаваныя работнікі, якім трэба даплачваць да мінімалкі. Вось ім даплачваем за кошт іншых»,
— дзеляцца ў адміністрацыі.
Наколькі заробак змяніўся з улікам прэміі, складана сказаць. У музеі заўважаюць, што яна кожны месяц розная, бо залежыць і ад колькасці бальнічных, і ад адпачынкаў. А пазабюджэтная — ад таго, колькі ўстанова зарабіла.
Сваімі назіраннямі падзяліўся яшчэ адзін супрацоўнік сферы культуры. Ён адзначае, што сістэма не вельмі прадуманая, але перадумоў для зніжэння заробкаў у ёй не закладзена. Такая перадумова хутчэй у недахопе грошай у раённых бюджэтах.
«Фактычна атрымліваецца так, што для некаторых работнікаў змяніліся каэфіцыенты, і, адпаведна, іх заробкі пры тым жа ўзроўні надбавак мусілі вырасці. Але ўказ № 27 прадугледжвае, што рост заробкаў павінен быць у межах асігнаванняў, а пакольку іх заўсёды недастаткова, то і росту няма. І вось для таго, каб нівеляваць рост заробкаў праз павышаны каэфіцыент, у часткі работнікаў зразаюцца надбаўкі — па кантракце, за складанасць, напружанасць… Без усякіх падстаў, проста каб лічбы сышліся. З іншага боку, тым, у каго заробак па-ранейшаму не дацягвае да мінімалкі, гэтыя самыя надбаўкі павышаюцца, таксама без разумных падстаў», — піша мужчына.
Зараз, у сувязі са зменамі, з бюджэтнікамі заключаюцца дадатковыя пагадненні да кантрактаў. Таму важна сачыць, што там прапісваецца.
«Вельмі шмат палярных меркаванняў наконт указа № 27, сарыентавацца складана.
Нават выплаты за студзень не тое каб рэлевантныя, бо ў многіх туды закладзена прэмія за снежань, якая налічалася па старых правілах. За студзень прэмія будзе ўжо значна меншая»,
— лічыць культурны супрацоўнік.
Улады спрабуюць зняць напружанне
Улады пастаянна падкрэслівалі, што заробак, разлічаны па новых правілах, не павінен быць меншым за папярэдні. Для параўнання Мінпрацы прапануе супастаўляць суму, якая складалася з:
- тарыфнай стаўкі, тарыфнага акладу;
- яе павышэння;
- надбавак і даплат (апроч даплат за начны час, сумяшчэнне пасад, працу звышурочна);
- усярэдненай прэміі (напрыклад, у памеры 20 % ад фонду аплаты).
Мінпрацы дадае, што пры параўнанні не ўлічваецца прэмія, выплачаная за кошт эканоміі фонда аплаты працы, бо яна выдаецца раз на год (і звычайна менавіта ў снежні).
Людзі, незадаволеныя новымі заробкамі, цяпер масава звяртаюцца ў міністэрства. Улады занепакоены гэтай сітуацыяй і спрабуюць суцішыць шуміху. У распараджэнне Рэдакцыі трапіла дакладная запіска на імя намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі.
«Аператыўны разгляд камітэтам [па працы, занятасці і сацабароны Магілёўскага аблвыканкама] асобных зваротаў паказвае, што работнікі літаральна ўспрымаюць сумы, якія павінны выплаціць ім у студзені ў параўнанні са снежнем.
…Камітэт прапануе … на працягу двух дзён правесці паўторныя сходы ў працоўных калектывах усіх бюджэтных арганізацый з тлумачэннем прычын зніжэння ўзроўню заработнай платы ў асобных выпадках на канкрэтных прыкладах», — сказана з запісцы.





