Фота Надзеі Бужан
Міністэрства аховы здароўя Польшчы плануе ўвядзенне штрафаў для пацыентаў, якія без папярэджванняў не прыходзяць на абследаванне або на візіт да доктара нейкай спецыяльнасці, паведамляе Радыё Польшча.
— Мы аналізуем гэтае пытанне, бо гэта сапраўды вялікая праблема, — заявіў міністр здароўя Лукаш Шумоўскі.
Такіх выпадкаў за год здараецца 17 мільёнаў на 84 мільёны вызначаных візітаў і аперацый. Паводле статыстычных звестак, вельмі часта пацыенты забываюць пра аперацыю катаракты ці імплантацыю эндапратэза, а таксама пра візіт да эндакрынолага, кардыёлага і нават анколага.
Нацыянальны фонд здароўя, які аплочвае дзяржаўную ахову здароўя, стаў рассылаць смс-паведамленні, у якіх прыгадвае пра візіт, але гэта і так не дапамагае.
Праціўнікі штрафаў за неадменены візіт падкрэсліваюць, што трэба было б змяніць законы, бо цяпер права не дазваляе штрафаваць пацыентаў. Іншыя падкрэсліваюць, што штраф несправядлівы, бо хворыя вельмі часта ідуць на платны візіт, паколькі чэргі да дзяржаўнага невыносна доўгія.





