Напатканае ў «прагрэсіўнай» прэсе: «Аднак пры спробе адказаць на пытанне «Што такое гендар?» мы часта трапляем у пастку, унікнуць якой дапамагае сацыялогія ведаў. (…) Адказ на яго залежыць ад кантэксту і сітуацыі. Менавіта гэтаму і вучыць нас гендарная / фемінісцкая тэорыя…»

Толькі ўчытайцеся: «унікнуць пасткі дапамагае сацыялогія ведаў». «Менавіта гэтаму і вучыць нас … тэорыя».

Не крытычнае мысленне, не аналіз фактаў, а бескрытычнае прыняцце «тэорыі» — вось ён, эмансіпацыйны «метад» пазнання рэчаіснасці. Ёсць «тэорыя», распрацаваная калісь у 70-80-ых гадах акадэмічнай лявіцай — і яна дае адказы на ўсе этычныя ды грамадска-палітычныя праблемы.

Калі секта вас хоча зацягнуць у свае сеці, то яна ў першую чаргу схіляе вас разарваць натуральныя сувязі: з сям'ёй, роднымі, сябрамі, калегамі. Эмансіпацыйныя ідэолагі дзейнічаюць падобна. Самае першае, што яны робяць, гэта кажуць: «Няма аб'ектыўнага пазнання. Факты і законы логікі — гэта ўсяго толькі маскіроўка культурнай гегемоніі. Аб'ектыўная праўда — гэта міф».

Пасля таго, як ваша натуральнае імкненне да аб'ектыўнага пазнання высмеяна і «абвержана» і вы пачалі паслухмяна ківаць галавой падчас пропаведзяў пра «канструяванне ведаў», то вы ўжо на 75 % у іх руках.

Засталося зусім мала: прышчапіць перакананне, што ёсць «праўда Прыгнятальнікаў» і «праўда Прыгнечаных». Калі вы прымаеце гэта перакананне, то чарговыя 24 % справы зроблены.

Пасля гэтага ўжо аніхто не будзе навязваць вам ніякае перакананне. Вам скажуць: «Вы — абсалютна свабодны чалавек і выбар належыць вам. Выбірайце: ці хочаце прасоўваць праўду Прыгнятальнікаў, ці праўду Прыгнечаных».

Калі аб'ектыўнай праўды няма і калі ёсць толькі выбар паміж праўдай Прыгнятальнікаў і праўдай Прыгнечаных, то што ж выбераце вы?

Гэта — той 1% справы, якую ідэолагам засталося зрабіць, а якую насамрэч зробіце вы самі. Вы «добраахвотна» выберыце «праўду Прыгнечаных».

Віншую: вы паспяхова прайшлі ініцыяцыю!

Цяпер застаецца толькі ўзяць на ўзбраенне Тэорыю ды біць ёю па галаве ўсіх «цемрашалаў». Няважна, што гэтыя «цемрашалы» — дактары навук і аўтары навуковых манаграфій. І няважна, што Тэорыя, якую вы ўзялі на ўзбраенне — родам з 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Важна тое, што вы — на правільным баку.

* * *

У заходнім свеце ўжо багата з'явілася прац на тэму інтэлектуальнай галечы гэтага тыпу «тэорый». Неўзабаве вось павінна выйсці чарговая кніга на гэту тэму: «Цынічныя тэорыі: якім чынам актывістычная прафесура зрабіла ўсё наконт расы, гендару і ідэнтычнасці. І як гэта шкодзіць усім». Аўтары — Гэлен Плакроўз, ліберальная публіцыстка, рэдактарка Areo Magazine, і Джэймз Ліндзі, доктар матэматыкі і філосаф навукі.

Добра было б, каб мясцовыя «прагрэсісты», якія забуксавалі ў эмансіпацыйных наратывах 80-ых гадоў, хоць час ад часу звярталі ўвагу на такія працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?