Фонд барацьбы з карупцыяй расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага высветліў, што сыны новага прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна валодаюць дзвюма кватэрамі ў элітным жылым комплексе ў Маскве агульным коштам $5,8 мільёна.
Навальны спасылаецца на зробленыя раней выпіскі з рэестра, у пазнейшых выпісках нерухомасць засакрэчаная і аформленая на «Расійскую Федэрацыю». Дзеці Мішусціна пасля паўналецця сталі ўладальнікамі дзвюх кватэр, якія займаюць цэлы паверх, кожная з якіх мае плошчу 180 квадратных метраў.
Агульны кошт маёмасці сям'і прэм'ер-міністра фонд ацаніў амаль у $48 мільёнаў.





