У Гродне ў пятніцу, 24 студзеня, зрабіў пасадку самалёт «Белавія», які ляцеў з Мінска ў Мюнхен.

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Нехта, а таксама паведамілі TUT.BY некалькі пасажыраў, якія ляцелі гэтым рэйсам.

На сайце flightaware, які дазваляе адсочваць маршруты лайнераў, відаць, што самалёт развярнуўся ў паветранай прасторы Польшчы і накіраваўся ў Беларусь. Па паведамленнях пасажыраў, пры пасадцы ў Гродне з борта знялі шэсць чалавек.

Скрыншот з сэрвісу flightaware.

Скрыншот з сэрвісу flightaware.

Самалёт (рэйс B2899) павінен быў вылецець з Мінска ў пятніцу ў 12:30. Але вылет затрымаўся. Па дадзеных flightaware, борт адправіўся ў 15:33, то-бок са спазненнем прыкладна на 3 гадзіны. Мяркуючы па маршруце руху самалёта, Embraer 175 амаль даляцеў да Уроцлава, а затым развярнуўся і ў 17:39 прызямліўся ў Гродне. У Мюнхен самалёт вылецеў у 19:26, а прыляцеў у 19:01 (у Германіі дзве гадзіны розніцы з Беларуссю).

Аб затрымцы з вылетам і звароце самалёта паведамілі адразу некалькі пасажыраў гэтага рэйса.

«Спачатку рэйс затрымалі на 3 гадзіны, патлумачыўшы гэта тым, што была тэхнічная няспраўнасць сістэмы падачы вады (ці нешта звязанае з водазабеспячэннем), — паведаміў адзін з пасажыраў. — У выніку пасажыраў пасадзілі на рэйс, і мы ўзляцелі. Да Мюнхена ляцець каля дзвюх гадзін, па сканчэнні прыкладна гэтага часу мы пачалі зніжацца, і якое ж было наша здзіўленне, калі камандзір экіпажа сказаў, што праз тэхнічную няспраўнасць мы вымушаныя зрабіць экстранную пасадку ў Гродне».

«Калі мы селі ў Гродне, экіпаж паведаміў, што тэхнікі будуць разбірацца і пазней нам паведамяць аб далейшых планах. Пры гэтым з самалёта нікога не выпусцілі, — працягвае пасажыр. — Калі прайшло каля 20 хвілін, у самалёт увайшла група памежнікаў і мытнікаў. Памежнік абвясціў па гучнай сувязі аб тым, што цяпер ён назаве 6 чалавек, і калі мы пачулі сваё прозвішча, то павінны ўстаць, забраць сваю ручную паклажу і багаж і прайсці з ім».

Пасажыры рэйса распавядаюць, што прыкладна праз 20 хвілін пасля таго, як знялі з рэйса шэсць чалавек, усіх папрасілі выйсці з самалёта ў аўтобус і ўзяць з сабой ручную паклажу, каб лайнер дазаправілі палівам. Па словах аднаго з пасажыраў, пасля таго як пасажыры вярнуліся на свае месцы, ім абвясцілі, што тэхнічныя няспраўнасці ліквідаваныя. «Гэта выклікала аглушальны смех пасажыраў», — распавядае чытач, які ляцеў гэтым рэйсам.

«Ніякіх каментароў ад супрацоўнікаў «Белавія» мы так і не атрымалі. Сумарна мы спазніліся дзесьці на 5—6 гадзін, у многіх былі стыкоўкі ў Мюнхене — іх расклад цалкам парушыўся», — распавёў адзін з пасажыраў рэйса.

У «Белавія», Пагранічным камітэце, МУС і ў гродзенскім аэрапорце не змаглі аператыўна пракаментаваць сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?