Былы супрацоўнік Міністэрства адукацыі, кіраўнік праекта «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі звярнуў увагу на цікавую дэталь — хто з’яўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў па 56-й Нёманскай акрузе (Ліда і Дзятлава)?

Таццяна Аверкава. Фота ok.ru.

Таццяна Аверкава. Фота ok.ru.

Памочніцай нядаўна абранага дэпутата Уладзіміра Сіняка з’яўляецца Таццяна Аверкава. Мала чым адметны факт, калі б не адна рэч: яна ж была памочніцай і ў папярэдняга дэпутата па акрузе №56 Валянціна Міхневіча.

«Наша Ніва» патэлефанавала Таццяне Аверкавай, каб спытаць, як так сталася. Спачатку яна ўвогуле не зразумела пытання: «А што тут такога? Паўнамоцтвы Валянціна Міхневіча скончыліся, таму я памочніца ва Уладзіміра Сіняка».

«Мабыць, Уладзіміру Сіняку спадабалася, як я спраўлялася з гэтай працай пры іншым дэпутаце, таму ён пакінуў мяне», — адзначае спадарыня Аверкава.

Зрэшты, і гэта не ўсе. У 2012 годзе памочнікам дэпутата па той же акрузе Леаніда Ермантовіча была… маці Таццяны Аверкавай, Тамара Шавель.

А ў 2019 годзе Тамара Шавель была сакратаром акруговай выбарчай камісіі ў 56-й Нёманскай акрузе, да гэтага яна і ўзначальвала камісію. Вось што пра Тамару Шавель пісала ў 2016 годзе дзятлаўская раёнка:

«Пачынаючы з 1994 года, яна нязменна ўзначальвае раённую камісію падчас правядзення выбараў усіх узроўняў, праяўляючы выдатныя арганізатарскія здольнасці».

Вось так і выходзіць, што маці праяўляе «выдатныя арганізатарскія здольнасці» падчас выбараў, а дачка становіцца памочніцай ужо другога запар пераможцы.

Прычым гэта не валанцёрская праца, Таццяна Аверкава мае палову стаўкі на гэтай пасадзе.

Аверкава кажа, што не бачыць у гэтай сітуацыі абсалютна ніякага канфлікту інтарэсаў.

Дарэчы, асноўнае месца яе працы — настаўніца беларускай мовы ў адной са школ. Пры гэтым размову з супрацоўнікам «НН» яна вяла падкрэслена па-руску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?