Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Я думаю пра Ілью і Станіслава Косьцевых, якім вынесены сьмяротны вырак за жорсткае забойства настаўніцы. У адрозьненьне ад апошніх сьмяротных і несьмяротных нападаў на настаўніц нічога незразумелага ў фактаграфіі гэтай справы няма. Усё як на далоні. Зразумелым было і тое, што вырак будзе сьмяротным, бо па справе шчэ да абвяшчэньня прыгавору адназначна выказаўся кіраўнік дзяржавы, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Ганна Севярынец.

Мне адразу ўспомнілася справа 2009 году, калі ў Жыткавіцкім раёне чатыры чалавекі жорстка забілі і спалілі Мікалая Макарэвіча. Пракурор тады запрасіў адпаведныя тэрміны забойцам, але паколькі па гэтай нашумелай справе адназначна выказаўся кіраўнік дзяржавы, вырак быў максымальна мяккім, а потым і наогул — выйшла памілаваньне. Ніводны з забойцаў не панёс пакараньня. Ніякага і зусім.

Яшчэ мне ўспомнілася адна кніжка. Яе напісала амэрыканская журналістка Лайонэл Шрайвэр, якая доўгі час займалася дасьледаваньнямі школьных расстрэлаў: калі дзеці страляюць аднаклясьнікаў і настаўнікаў. Сабраўшы дзясяткі такіх гісторый, вывучыўшы фактаграфію, пагутарыўшы і з бацькамі забойцаў, і з самімі забойцамі, Шрайвэр абагульніла свае ўражаньні ў мастацкай кнізе «Мы мусім пагутарыць пра Кевіна» (у нас яна прадавалася ў расейскім перакладзе і называлася «Цена нелюбви»).

Шрайвэр бачыць глыбінныя прычыны такіх учынкаў менавіта ў сям’і — прычым нават самая, здаецца, прыстойная, звонку прыгожая сям’я можа выхаваць забойцу. Але гэта відавочна, і для любога настаўніка (і ня толькі для настаўніка) не сакрэт: забойцаў выхоўваюць маці і бацька, а не благая кампанія, школа альбо прэзыдэнт. У кнізе цікава іншае: вялікі кавалак сюжэту — гэта адносіны мамы і сына пасьля судовага выраку.

У кнізе падлетак-забойца асуджаны на вялікі турэмны тэрмін, і маці езьдзіць да яго на спатканьні. Сама адукаваная і глыбокая, мама бясконца перажывае тое, што адбылося, бясконца рэфлексуе, бачыць, нарэшце, і сваю віну — яна ніколі не любіла Кевіна. Маці шмат гутарыць з сынам, і раптам адчувае, што пачынае яго любіць. Празь некаторы час пасьля гэтага ў адной з гутарак высьвятляецца, што Кевін нарэшце ўсьвядоміў тое, што зрабіў і пачынае сапраўды раскайвацца.

Дзевятнаццацігадовы Станіслаў Косьцеў і ягоны брат Ільля, на два гады старэйшы, мелі няшмат магчымасьцяў ня стаць злачынцамі. Мы ня ведаем і па сёньня, ці нараджаюцца дзеці адразу больш ці менш сацыяльна агрэсіўнымі, альбо агрэсія і зьверства абумоўленыя толькі (не)выхаваньнем, але ў любым выпадку сям’я можа навучыць кантраляваць сваю агрэсію, а можа — выхаваць яе.

Гэтыя дзеці жылі ў такіх умовах, што абсалютна не дзіва, што яны сталі забойцамі.

Больш за тое. У іх не было і ўжо не будзе магчымасьці супраціўляцца матрыцам, закладзеным у дзяцінстве, працаваць са сваімі траўмамі, ратаваць чалавечае ў сябе (а яно ў іх, няхай і ў звыродлівым выглядзе, але было — любоў да сястры, прыкладам). Магчыма, яны б нешта маглі з сабой зрабіць, асабліва калі побач зь імі (асабліва побач з малодшым) апынуўся б добры, сапраўдны сьвятар, альбо разумны, неабыякавы настаўнік, альбо харошы сябар, альбо моцная маці. Магчыма, яны б маглі раскаяцца і справіцца з сабой самастойна — бывае і такое. Слабы, зь дзяцінства зьнявечаны ўласнай маткаю чалавек ня можа стаць іншым у дзевятнаццаць, але ў сорак — можа.

  • Але яны гэтага не зробяць, бо іх забʼюць.
  • І забʼюць не таму, што абавязаны — маглі б даць пажыцьцёвае.
  • Забʼюць таму, што судзьдзя меў неюрыдычную, непісьмовую, але ж — санкцыю на зло.

Калі чалавек становіцца забойцам таму, што ў яго пітушчая маці, благое асяродзьдзе і гаўнянае жыцьцё — гэта адно. Калі чалавек становіцца забойцам таму, што ў яго ў жыцьці ўсё добра, але ён слухаецца чужога, ды шчэ і вуснага прыказу — гэта зусім іншае. Калі ў чалавека адымаюць магчымасьць раскаяцца — гэта адно. Калі чалавек нават каяцца ня будзе, бо ён не адчувае сваёй віны ў чыёйсьці сьмерці — гэта іншае.

Акрамя таго, што наша судовая сыстэма даўно скампрамэтавала сябе як сыстэма — у ёй адбываецца самае страшнае, што можа адбывацца зь людзьмі.

Атрымаўшы санкцыю на зло, яны перастаюць лічыць сябе вінаватымі. У братоў Косьцевых шанец пакаяцца быў — бо яны ўчынілі зло самі. У людзей, што забіваюць па прыказу шанцаў пакаяцца амаль няма, хоць яны і будуць жыць доўга і шчасьліва, бо яны ня лічаць, што вінаватыя.

Менавіта з санкцыі на зло, атрыманай з самага верху, пачынаюцца генацыды і рэпрэсіі, на санкцыянаваным зьле стаіць нацызм і сталіншчына. Не Ільля і Станіслаў Косьцевы — самыя страшныя тут. З такіх азьвярэлых падлеткаў не вырастаюць крывавыя рэжымы і масавыя сьмерці. Самыя страшныя забойствы робяцца тымі, хто пагаджаецца забіваць па загадзе.

Ня трэба баяцца, што хутка настане трыццаць сёмы год. Ён даўно тут. Санкцыі выдаюцца, і самае страшнае, што іх бяруць. Пакуль існуе інстытут сьмяротнага пакараньня, у нас ніколі ня будзе іншага году, акрамя трыццаць сёмага.

Расстраляюць братоў, якія забілі настаўніцу ў Чэрыкаве. Старэйшаму 21 год, малодшаму — 19. Падрабязнасці

«І нас на тры літары ў судзе яны пасылалі!» Маці забітай настаўніцы з Чэрыкава радая расстрэльнаму прысуду

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?