Аляксандр Лукашэнка, як гісторык, паважае Уладзіміра Леніна за тое, што ён шмат зрабіў для станаўлення дзяржавы. І Іосіфа Сталіна — за аднаўленне Беларусі ў яе цяперашніх межах. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву, піша Tut.by.

— Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі, я як гісторык кажу, за пакт Молатава — Рыбентропа. Бо адноўлены былі ў рэальных межах, цяперашніх межах нашай Беларусі.

Ён нагадаў пра Рыжскі дагавор 1921 года, згодна з якім Польшчы дзякуючы Расіі адышлі тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, пры гэтым адзначыўшы, што, «магчыма, у той час не было іншага выйсця».

— Уладзімір Ільіч Ленін, у мяне да яго добрае стаўленне, як гісторык я гэта разумею, ён шмат чаго зрабіў для стварэння дзяржавы той, і карані нашы там, таксама нікуды не дзенешся, матываваў гэта тым, што не было іншага выйсця. Але аддаваць тэрыторыю — гэта катастрофа. Але Іосіф Вісарыёнавіч, дзякуй яму, аднавіў цяперашнія межы Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад словы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які на прэс-канферэнцыі 19 снежня заявіў аб тым, што Савецкі Саюз апошнім падпісаў пагадненне аб ненападзе з-за адсутнасці іншага выбару.

— І тое, што Пуцін прыводзіў факт, што Гітлеру тады ўсе падыгрывалі, для нас гэта не навіна. І што пакт Молатава — Рыбентропа быў апошнім у плане «раздзелаў-перадзелаў». Але Мюнхенская змова ж была раней, калі Чэхаславакію падзялілі, і палякі сабе таксама кавалачак адарвалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0