Прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўся магчымая далейшая дадатковая падтрымка будзе аказвацца Беларусі толькі тады, калі ўсе дарожныя карты па інтэграцыі будуць выкананы, перадае ТАСС. 

«Праца праведзена, [дарожныя] карты ўзгодненыя і ў прынцыпе, калі сур'ёзна глядзець на інтэграцыю, мы можам перайсці да яе фарсіраванага прасоўвання, а менавіта выканаць тое, што ў гэтых картах значыцца — з першай па трыццатую, прыняць ўніфікаванае заканадаўства, каб гэта былі сапраўдныя законы», — сказаў журналістам старшыня ўрада РФ.

Паводле яго слоў, не ўзгоднена 31-я дарожная карта, прысвечаная далейшай інтэграцыі, якая ўключае стварэнне наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтра. «Цяпер дарога для гэтага адкрыта, дакументы ўзгоднены», — сказаў Мядзведзеў.

«Усе формы дадатковай падтрымкі, акрамя таго, што ў нас і так прасунутыя адносіны, практычна за 8 млрд Беларусь мае расійскіх крэдытаў, — дадатковыя формы крэдытавання магчымыя толькі ў выпадку, калі дарожныя карты будуць выкананы і ўвасобяцца ў законы», — падкрэсліў кіраўнік кабінета міністраў РФ. На яго думку, у гэтым выпадку можна будзе гаварыць аб кампенсацыі падатковага манеўру для Беларусі і пра іншыя пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0