Ва Узбекістане 22 снежня прайшлі парламенцкія выбары.

Спецыфічная сістэма склалася ва Узбекістане. Там зарэгістравана пяць палітычных партый, яны дзеляць месцы ў парламенце, але ўсе яны падтрымліваюць існую сістэму.

Прэзідэнта Шаўката Мірзіёева вылучала Ліберальна-дэмакратычная партыя. Яна мае найбольш дэпутатаў у парламенце — 43 мандаты атрымала гэтым разам у першым туры. 

На другім месцы па колькасці дэпутатаў — нацыяналісты з партыі «Нацыянальнае адраджэнне», у іх пасля першага тура — 35 мандатаў. Разам з ліберал-дэмакратамі яны ўтвараюць урадавую большасць.

Астатнія партыі афіцыйна — у апазіцыі, але ў рэальнасці не аспрэчваюць сістэмы.

На трэцім месцы па колькасці дэпутатаў (21) гэтым разам апынулася Сацыял-дэмакратычная партыя «Справядлівасць». А на чацвёртае месца (18 дэпутатаў) перамясцілася Народна-дэмакратычная партыя, пераемніца Кампартыі. Цікава, што папярэднік Мірзіёева, Іслам Карымаў, у 90-я вылучаўся ад народных дэмакратаў, а ў 2000-я — ужо ад ліберал-дэмакратаў. І ў першым, і ў другім выпадку ён шчасліва збіраў свае 90% галасоў.

На пятым месцы — Экалагічная партыя. На мінулых выбарах экалагічны рух атрымаў 15 месцаў на безканкурэнтнай аснове, гэтым разам ён ужо ўдзельнічаў у «выбарчым змаганні» і «правёў» 11 вылучэнцаў.

Яшчэ 22 мандаты размяркуюць у другім туры.

У апошнія гады Мірзіёеў правёў шэраг рынкавых рэформаў, згарнуў палітычныя рэпрэсіі, але размеркаванне месцаў у парламенце, як бачым, ад гэтага не змянілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?