Намеснік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч у тэлеграм-канале Harbatsevich напісаў пра ўражанні ад выпадковай сустрэчы з сумнавядомым экс-камандзірам Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Дзмітрыем Паўлічэнкам. Ён пабачыў Паўлічэнку проста на вуліцы і падышоў задаць некалькі пытанняў.

«Не выглядала, што Паўлічэнка баіцца гаварыць. Гаварыў бадзёра і складна, не падбіраючы словаў. Праўда, уразіла, што ён у час расповеду не глядзеў на мяне, а стаяў як бы бокам і глядзеў кудысьці наперад, — кажа Гарбацэвіч. —

Гэта толькі замалёўка, якая ілюструе, як Паўлічэнка перакідвае віну на іншых пры кожнай нагодзе, якія ацэнкі дае некаторым асобам і падзеям».

Што Паўлічэнка адказаў на прамое пытанне пра ролю ў знікненнях палітыкаў? 

«Я не хачу, каб выглядала, што я апраўдваюся. Мяне дэманізуюць. Тады быў час такі, што (паказвае пальцам уверх) хацеў, каб яго баяліся. І на мяне ўпаў цень, сышлося — я стаў зручным, (пальцам у неба) вырашыў, каб я быў пудзілам, каб мяне, а праз мяне — яго, — баяліся. Я быў пудзілам 15 год, я стаміўся, тады я не мог публічна апраўдвацца, а цяпер не хачу. Я тады хацеў судзіцца, даказваць, што я не забіваў нікога. Але што прызнáю — гісторыі з бандытамі. Я паважаю Лукашэнку за тое рашэнне. Тады было бязмежжа, у бандах было шмат супрацоўнікаў сілавых структур: там яны тады маглі добра зарабляць, у адрозненне ад органаў, працавалі прафесійна і не пакідалі сведкаў. І быў загад адкрываць агонь на паражэнне пры супраціўленні са зброяй. І так атрымлівалася, што ў большасці выпадкаў была і зброя, і супраціўленне. Самыя разумныя з іх тады з'ехалі і больш не вярталіся. Двух зладзеяў нават раскаранавалі, бо яны ўжо колькі тут не былі». 

І ў дадатак троху агульных думак Паўлічэнкі: 

— Мне гісторыя вельмі цікавая. Я сам, аказваецца, шляхетнага роду. Мае продкі дапамагалі Сапегу на Віцебшчыне, на Лепельшчыне.

— Мне цяпер тая моладзь, з якой мы некалі змагаліся, больш падабаецца, чым бээрэсэмаўская. Яны цікавяцца ўсім, разумнейшыя, займаюцца фізічна. Справа супраць Белага легіёна — лухта. Я з Чыславым рос у адным двары, мы знаёмы з дзяцінства. І шмат спрачаліся, я яго тады не разумеў. Ён хацеў зрабіць войска беларускім, а я проста служыў. 

— Апазіцыя цяперашняя мне не падабаецца. Ну Статкевіч, афіцэр… Не пабаяўся ў турму сесці, хаця быў выбар — падпішы паперу і пойдзеш дадому. Але як палітык… 

— Мне запомнілася, калі я сядзеў у «падтрыбунным» [пакой для праслушкі ў нейкім з рэстаранаў], і адзін з апазіцыі казаў: «Мы атрымалі 250 тысяч на мітынгі, але я змагу падняць народ і харызмай, на арганізацыю патрацім менш». Хто гэта быў? Марыніч. Дык яны тыя грошы прысабечылі. Цяпер я вось вельмі Зянона Станіслававіча [Пазняка] паважаю, але тады не разумеў. Ён сабе гранты не пакідаў, ён іх на справу пускаў, а гэтыя ўсё дзярбаняць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0