У Нацыянальным парку на поўначы Тайланда алень з'еў смецце, якое пакінулі людзі, і памёр, піша BBC. У страўніку загінулай жывёлы знайшлі 7 кг розных адходаў.
Загінулай дзікай жывёле было 10 гадоў і ўвесь гэты час яна сілкавалася смеццем. У страўніку аленя знайшлі гумавыя пальчаткі, поліэтыленавыя пакеты, кавалак пластмасавай вяроўкі, мужчынскія трусы, маленькі ручнік і хуткарастваральную локшыну. У выніку такога харчавання кавалкі пластыка проста заблакавалі стрававальны тракт.
Тайланд — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў пластыка. Штогод у гэтай краіне выкідваюць каля 75 млрд пластыкавых пакетаў.





