Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прапанавала праект закона «Аб гарантыях для былога прэзідэнта». У прыватнасці, Канапацкая прапануе недатыкальнасць, захаванне 75% ад заробку, перадачу адной з рэзідэнцый ва ўласнасць, а таксама ахову за дзяржаўны кошт. «НН» апытала лідараў палітычных рухаў, што яны думаюць на гэты конт.
Мікола Статкевіч: «Размаўляць аб гарантыях можна да першай крыві»
«Літаральна сёння Беларускі нацыянальны кангрэс выступіў з заявай, дзе прапануе ўладам дыялог напярэдадні 8 снежня, калі ў Маскве павінна быць падпісанае пагадненне аб «паглыбленай інтэграцыі». Адзіная ўмова — вызваленне палітвязняў і аднаўленне ў правах раней асуджаных па палітычных матывах.
Але я не веру, што Лукашэнка прыме гэтую прапанову — гэта як прапаноўваць наркаману булачку з кефірам замест наркотыкаў. Ён пагодзіцца на такі дыялог толькі калі будзе позна. На сёння Лукашэнка загнаны Расіяй у кут.
Адзін расійскі палітык — ёсць у мяне і такія сувязі праз Сацыялістычны інтэрнацыянал — прама казаў: «А куды ён падзенецца з падводнай лодкі?» Такое ў іх успрыманне сітуацыі.
Гарантыі бяспекі могуць стаць прадметам перамоваў, калі Лукашэнка пагодзіцца на свабодныя выбары, у якіх сам не будзе браць удзел. Да першай крыві гэта дзейнічае».
Анатоль Лябедзька: Бяспека — так, матэрыяльныя даброты — не
«Сама ідэя не новая, і яе першай прапанавала далёка не Канапацкая. Гэта гучала для таго, каб не рабіць палітычных расправаў, каб мог адбывацца спакойны пераход улады. Для дэпрыватызацыі пасады прэзідэнта.
У Канапацкай крыху іншы падыход. Асабліва гэта тычыцца матэрыяльных дабротаў. У людзей гэта будзе выклікаць раздражненне. Лукашэнка так і не выканаў сваё абяцанне давесці заробкі да 500 даляраў. Узровень жыцця ў краіне нашмат ніжэйшы, чым у Польшчы. Таму гэта не будзе сыход усімі любімага кіраўніка.
Даць гаранты бяспекі — гэта адно, а даваць матэрыяльныя выгады — зусім іншае».
Андрэй Дзмітрыеў: «Не дапаможа»
«Добрая ідэя, але не дапаможа. Падобны закон працуе толькі ў тых выпадках, калі на гэта згоднае грамадства».
Павел Севярынец: «Не выключаю такога»
«Такія гарантыя трэба абмяркоўваць штабам адзінага кандыдата, перш чым падаваць. Можа гаворка весціся і пра гарантыі, калі будзе мірная перадача ўлады, я не выключаю такога».





