Дзмітрый Бачкоў — самы статусны вядучы АНТ. Раней ён вёў ток-шоу «Наша жыццё», а цяпер займаецца праектам «Аб'ектыўна» — тое самае, але без гледачоў. Адначасова Бачкоў лічыцца на АНТ першым намеснікам старшыні праўлення Марата Маркава.
У інтэрв'ю Sb.by ён расказаў пра сваё стаўленне да відэапраектаў у інтэрнэце і пахваліў свайго начальніка Марата Маркава.
— Калі ёсць магчымасць дарвацца да YouTube, вывучаю новыя праекты, гляджу блогераў, якія спрабуюць кінуць выклік Дудзю.
— Хтосьці з новенькіх вас зачапіў у апошні час?
— Пакуль толькі расчараваў. Таму што нічога новага па-ранейшаму не адбываецца. Вось з'явіўся Дудзь, і ўсе сталі яго капіяваць. З розным поспехам, вядома, але ў асноўным гэта суцэльная пародыя. Галоўны недахоп ва ўсіх гэтых клонаў Дудзя (а я кажу ў тым ліку і пра нашых, беларускіх блогераў) — непрафесіяналізм. Ён заключаецца ў тым, што вядучыя запрашаюць чалавека ў студыю і шчыра ненавідзяць свайго суразмоўцу. І нават не спрабуюць гэта схаваць. Пры гэтым Дудзь нават да тых спікераў, якія ў рэальным жыцці відавочна з'яўляюцца яго апанентамі, звяртаецца карэктна. Так, ён абвастрае, задае пытанні на мяжы, але сваёй асабістай нянавісці і пагарды не выяўляе. І гэта таксама выдае ў ім прафесійнага журналіста.
Але, акрамя відавочных рэчаў, ёсць яшчэ і нябачныя матэрыі — энергетыка, харызма, — якімі павінен валодаць прафесійны інтэрв'юер. Імі, напрыклад, адрозніваюцца Леанід Парфёнаў, Уладзімір Познер, наш Марат Маркаў.
Чым мне падабаецца праграма «Маркаў. Нічога асабістага»? Тым, што ў ёй ёсць цікавы суразмоўца і вядучы, які мае вопыт, свой пункт гледжання, пазіцыю. А сваёй харызмай ён часам нават кампенсуе адсутнасць цікавасці да адказу таго ці іншага суразмоўцу. І гэта ідэальнае спалучэнне: прафесійныя навыкі і асабістыя характарыстыкі.





