Пра выпадак, што здарыўся 15 ліпеня, піша kraj.by:

Абвінавачаная — 33-гадовая жанчына, нідзе не працуе, разведзеная. Раніцай прыйшла ў райвыканкам. У гэты час работнікі выканаўчага камітэта, якіх яна вельмі хацела бачыць, знаходзіліся на нарадзе. Пра гэта жанчыне сказала 25-гадовая супрацоўніца аддзела Дэпартамента аховы. Але наведвальніцу такі расклад не задаволіў.

Яна пачала прарывацца ўнутр будынка. Дзяўчына-міліцыянт спрабавала тлумачыць проціпраўнасць яе дзеянняў і не давала прайсці.

Тады наведвальніца стала штурхаць дзяўчыну-міліцыянта. Потым схапіла за палец правай рукі і рэзка тузанула яго ўніз. У выніку дзяўчына атрымала вывіх пальца.

Цікава, што абвінавачаная ў чэрвені 2016 г. была судзімая за гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі.

Тады суд прысудзіў жанчыну да 2 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Яна адбыла пакаранне, але судзімасць яшчэ не знятая і не пагашана.

Зараз яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Новае ж злачынства караецца арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0