У сераду адбыліся два перанесеныя летнія матчы, у якіх мінскае «Дынама» зноў згубіла балы (нічыя ў Мазыры), а БАТЭ дзякуючы мінімальнай перамозе ў Магілёве скараціў адставанне ад Брэста да шасці балаў.
Фота: ФК «Дынама-Мінск»
Што датычыцца БАТЭ, то ў чацвер з'явілася інфармацыя пра тое, што іх галоўны трэнер Аляксей Бага зазбіраўся ў адстаўку па заканчэнні сезону. Капскі-малодшы назваў гэта ўкідам перад вырашальнымі матчамі. Што ж, пажывём-пабачым.
А цяпер да матчаў 27 тура.
«Мінск» — «Слуцк»
- 01.11, 18:00. Стадыён ФК «Мінск».
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 2.25; нічыя — 2.79; «Слуцк» (перамога) — 3.74.
- Матч першага круга — 0:1
«Слуцк» пасля чатырох параз нарэшце змог здабыць турнірны бал у нічыёй са «Славіяй». Хаця мог бы і перамагчы, але Арцём Сярдзюк не рэалізаваў 11-метровы ўдар.
Гульня з «Мінскам» — неблагі шанец, каб у рэшце рэшт перамагчы і заскочыць зноў у першую дзясятку (якую, дарэчы, якраз замыкаюць «гараджане»), але расклад кажа пра тое, што гэта ў падначаленых Паўлава не атрымаецца.
Прагноз «НН»: «Мінск» не прайграе.
«Гарадзея» — «Нёман»
«Гарадзея» мінулы тур прапускала, а «Нёман» дома мінімальна перамог у «Мінска», таму да вочнай сустрэчы каманды падыходзяць у добрым настроі.
Гарадзейцы і гарадзенцы суседнічаюць у табліцы (сёмы і восьмы радок, адпаведна), але завялікі разрыў амаль не пакідае шанцаў «Нёману» на тое, каб падняцца вышэй.
Прагноз «НН»: «Гарадзея» пераможа.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Мінск»
Горача не толькі на самай вяршыні п'едэстала, але і ля яго падножжа. Жодзінскае «Тарпеда» разам з «Іслаччу» ніяк не могуць падабрацца да мінскага «Дынама», што моцна забуксавала.
У нядзелю «дынамаўцы» едуць у Жодзіна, і гэта, відаць, апошні шанец для «Тарпеда» ўскочыць на патэнцыйна еўракубкавы чацвёрты радок. Тым больш жодзінцы ўжо перамагалі ў «Дынама» сёлета.
Прагноз «НН»: Тотал, большы за 2.5.
«Дняпро» — «Віцебск»
Паспяховая канцоўка чэмпіянату дазволіла «Віцебску» падняцца ў першую дзясятку, а «Дняпро» — выбрацца з зоны вылету. Хаця пакуль магілёўцы займаюць «стыкавы» 14 радок, але гэта хаця б не гарантуе прамога вылету.
Але відавочна, што «Дняпро» працягне змагацца. Проста не будзе нікому.
Прагноз «НН»: Тотал, меншы за 2.5.
«Дынама-Брэст» — «Шахцёр»
Чарговы іспыт для чэмпіёнскіх амбіцый брэсцкага «Дынама». Першы, супраць БАТЭ, каманда ў прынцыпе здала паспяхова. На чарзе — «Шахцёр», які знаходзіцца ў крызісе, але здавацца не збіраецца.
Салігорцы яшчэ маюць матэматычныя шанцы на чэмпіёнства, але трэба абавязкова перамагаць.
Прагноз «НН»: «Шахцёр» не прайграе. Хочацца інтрыгі да канца.
БАТЭ — «Іслач»
БАТЭ выйдзе на матч з «ваўкамі», ужо ведаючы вынік матча ў Брэсце. Калі «Дынама» згубіць балы, то гэта можа моцна матываваць барысаўцаў, у якіх ёсць відавочныя праблемы ў гульні.
А з «Іслаччу» матывацыя вельмі-вельмі патрэбная, бо сёлета менавіта падначаленыя Жукоўскага выбілі БАТЭ з Кубка Беларусі і не далі сябе перамагчы ў першым крузе.
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Славія» — «Гомель»
Рэгіянальнае дэрбі, да якога будзе мінімальны глядацкі інтарэс. Лістапад робіць свае справы, і пачатак гульні а 14:30 у панядзелак не пакідае амаль аніякіх шанцаў для заўзятараў. Іншая справа, што гульню можна было перасунуць на выходныя. Але маем што маем.
У «Гомеля» даволі нескладаны графік для таго, каб паспрабаваць усё ж не вылецець: «Славія», «Мінск», «Гарадзея» і ў 30 туры будзе тэхнічная перамога над «Тарпеда». Але ці спатрэбіцца ўжо яна, бо пакуль адставанне ад 14 месца складае 4 балы.
Прагноз «НН»: нічыя.
У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Энергетыку-БДУ».
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова знайдзіце магчымаць схадзіць на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!





